Свята-Мікалаеўская царква
За тры кіламетры ад Чашнік уздоўж ракі Улы раскінулася вёсачка Браздзецкая Слабада. Калісьці цэнтрам прыцягнення тут быў храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца.
Пабудаваны ў другой палове XIX стагоддзя на маляўнічым прыбярэжным лузе, ён і сёння, нават у паўразбураным стане, вабіць погляд сваёй ціхай прыгажосцю. Калі знаходзішся побач, адчуваеш, што гэта асаблівае месца. Месца сілы і супакаення.
Едзеш па цэнтральнай вуліцы і нечакана сярод дахаў дамоў і галін прыдарожных вербаў сустракаеш будынак царквы. І … гняздо буслоў на месцы былой макаўкі царкоўнай званіцы. Як быццам птушкі знарок выбралі для свайго будаўніцтва храм, каб і людзям паказаць прыклад стварэння. Дарэчы, бусел на Беларусі спрадвеку — свяшчэнная птушка, сувязное звяно паміж небам і зямлёй, сімвал чысціні і адраджэння. Хочацца верыць, што і людзі калісьці адновяць Божы храм, у будаўніцтва якога ўклалі сваю душу ды працу іх далёкія продкі.
Храм парадкам пацярпеў за час вайны і ў наступныя гады, калі ён выкарыстоўваўся мясцовым калгасам пад склад угнаенняў. Да нашых дзён захаваліся толькі сцены, барабан цэнтральнага купала і званіца. Аднак і яны даюць уяўленне пра былую веліч будынка, узведзенага, паводле архіўных дадзеных, каля 1858 года ў стылі позняга класіцызму. Мяркуючы па падабенстве аблічча храма з архітэктурным рашэннем Спаса-Праабражэнскай царквы ў Чашніках, а таксама супастаўляючы гады іх пабудовы, можна гаварыць, што будаўніцтва Свята-Мікольскай царквы арганізаваў той жа чалавек – вядомы мецэнат Ігнат Валадковіч.
Царква Свяціцеля Мікалая дзейнічала да 1929-1930 гадоў. Потым была зачынена, а апошні яе настаяцель – святар Васіль Вайткевіч, які праслужыў у ёй з 1901 года, — быў пераведзены ў с. Мар
цінава Лепельскага павета. Да рэвалюцыі акрамя выканання абавязкаў святара бацюшка выкладаў у вучылішчы Міністэрства народнай асветы, якое знаходзілася непадалёк ад храма. Будынак вучылішча не захаваўся да нашых дзён, затое на вясковай вуліцы яшчэ і сёння стаіць хата, дзе жыў са сваёй сям’ёй айцец Васіль.
Усё менш застаецца лю- дзей, якія з расказаў дзядоў і бабуль памятаюць пра часы, калі гучалі званы Свята-Мікольскай царквы і спяшаліся пад яе скляпенні на нядзельную службу святочна апранутыя сяляне. Але заўсёды прыцягвала царква дзетак, была ўлюбёным месцам іх гульняў ды пошуку скарбаў. Мясцовыя жыхары распавядаюць, што яшчэ ў савецкія часы некаторыя спрабавалі раскопваць зямлю на тэрыторыі царквы, але знайшлі пры гэтым рэшткі людзей, пахаваных пад храмам, пасля чаго раскопкі спынілі.
Аднак нават і сёння людзі не забываюцца пра былую царкву, прыбіраюць тэрыторыю вакол яе. Штогод, 21 мая, на дзень памяці Свяціцеля Мікалая, да прысвечанага яму храма з Чашнік здзяйсняецца Хросны ход, на месцы служыцца малебен.
Калі паглядзець на храм з процілеглага боку ракі, то здаецца, што гэта – белы карабель, які плыве па хвалях часу ўздоўж старажытных берагоў Улы. Ён нясе нам пасланне ад нашых прадзедаў: як дрэва моцнае сваімі каранямі, так памяццю аб мінулым жыве народ.
Андрэй Шыдлоўскі
Аграгарадок Красналукі
згубіўся сярод лясоў на самай мяжы Чашніцкага раёна. Яшчэ да 30-х гадоў мінулага стагоддзя ён быў тыповым мястэчкам: некалькі вуліц з тратуарамі, цагельня, дзве школы, крама і клуб. Аж да вайны тут захоўваліся старажытная двухпавярховая сінагога і драўляная царква.
Праваслаўную царкву пачалі будаваць у 1862 годзе на грошы, выдзеленыя ўрадам, а завяршылі толькі праз 14 гадоў, калі ў 1876-м адбылося асвячэнне храма ў імя Святога Духа. Размешчаны на высокім пагорку, даступны агляду з усіх бакоў, ён нават архітэктурна выступаў у якасці цэнтра Красналук. Напярэдадні прыхадскога свята, на Сёмуху, у Красналуках праходзіў штогадовы кірмаш, які збіраў шматлікіх сялян з навакольных вёсак. Нават калі царква пасля рэвалюцыі была зачынена, традыцыя працягвалася доўгія гады аж да Вялікай Айчыннай вайны.
Чорным віхурам смерці прайшлі па нашай зямлі нямецка-фашысцкія захопнікі. Яны фактычна сцерлі з твару зямлі ранейшыя, даваенныя Красналукі, у кар’еры каля цагельні забілі больш за трыста яўрэяў. Снарадам была знішчана і драўляная Свята-Духаўская царква.
У пасляваенныя гады на былым каменным падмурку храма быў пабудаваны сельскі дом культуры, які да гэтага размяшчаўся ў будынку старой сінагогі. На працягу наступных дзесяцігоддзяў менавіта клуб заставаўся на вёсцы адзіным цэнтрам духоўнага жыцця.
У перабудову і цяжкія дзевяностыя людзі сталі вяртацца да сваіх гістарычных і культурных каранёў. Тады ў мясцовых жыхароў і ўзнікла ідэя аднаўлення храма. Ураджэнец суседняй вёскі Міхалова Анатоль Казырыцкі не проста выказаў такую прапанову, але і выступіў мецэнатам, прафінансаваўшы разам з землякамі рэалізацыю праекта. Ніхто не ведаў першапачаткова, як выглядала папярэдняя царква, вонкавае аблічча храма распрацоўвалі нанова. Але якое ж было здзіўленне, калі пазней, дзякуючы знойдзеным старадаўнім фатаграфіям, удалося ўстанавіць, што новы храм амаль паўтарае архітэктурныя формы ранейшай культавай пабудовы.
Царква ў імя святога праведнага Іаана Кранштадскага была пабудавана ў 1999 годзе. Людзі самастойна заказвалі падсвечнікі, ахвяравалі іконы, пашылі заслону для царскай брамы. Як успамінаюць прыхаджане, яшчэ не былі канчаткова выкладзены падлога, а іканастас склалі з чорна-белых, знятых на ксераксе, ікон, калі ў храме адслужылі першую літургію. Пры падтрымцы мясцовых улад стварылі нядзельную школу.
Красналукі зноў змяніліся, толькі зараз у жыхароў, як і сто гадоў таму, ёсць свой храм. Цяперашні святар, іерэй Канстанцін Грыгаровіч, працягвае служэнне папярэднікаў, нясе Божае слова людзям. Пры ім царкву ўвянчалі паўнацэнныя купалы. Тэрыторыя вакол добраўпарадкавана. Але самае галоўнае, як адзначае айцец Канстанцін, гэта «добраўпарадкаванне» чалавечых душ. Бо знешняя набожнасць нічога не вартая, калі чалавек у паўсядзённым жыцці не пачне ўвасабляць ідэалы хрысціянства, такія блізкія і зразумелыя нашым продкам.
Андрей Шидловский
Свята-Троiцкі храм ў вёсцы Белая Царква
Праект «Бацькаўшчына» працягваецца, і сёння мы раскажам вам пра знакамітую царкву, гісторыя якой вельмі таямнічая і цікавая.
На жаль, на сённяшні дзень храм не працуе, але людзі ўсё роўна прыязджаюць на яго рэшткі. І гэта – Свята-Троiцкі храм ў вёсцы Белая Царква.
Гаворачы пра Белую царкву, нельга не ўзгадаць яе «старэйшага брата» – Чарэйскі манастыр. У гістарычных зводках 1475 года можна знайсці такое апісанне: «Смоленский епископ Мисаил в своей записи свидетельствует, что он «уделал» в Черее «храм св. Троицы и монастарь». Таму лічыцца, што Чарэйскі манастыр быў пабудаваны да 1454 года, а напрыканцы XV стагоддзя заснавальнік перадаў правы патранату над храмам ў род князёў Сапегаў.
Манастыр спачатку быў мужчынска-жаночым, што характэрна для глыбокай даўніны хрысціянства на Русі. Пазней ён стаў толькі мужчынскім, але невядома, калі гэта адбылося.
Вялікі ўклад ва ўзнаўленне Чарэйскага манастыра ўнёс Леў Сапега. Стары драўляны будынак, які стаяў на беразе возера Галаўль, ён знёс, а новы каменны пабудаваў на востраве таго ж возера. Гэты храм быў белы, таму атрымаў назву «Белацаркоўскі». Дата заснавання адноўленага Чарэйскага манастыра – 1597-1598 гг.
Манастыр прашоў праз шмат розных вер: спачатку праваслаўную, потым уніяцкую. А ў 1599 годзе каля яго Сапега размясціў Троiцкую царкву – помнік архітэктуры позняга барока. Некаторыя гісторыкі лічаць, што яе мог пабудаваць італьянскі архітэктар Арыстоцель Фіораванці, які ўзвёў Успенскі сабор у Маскве. Але ніякіх фактычных звестак аб гэтым няма.
Таксама пазнаёмім вас з цікавай легендай пра падзямелле царквы, патайны ход ад якога вёў аж да Чарэйскага замка і быў пракладзены пад Чарэйскім возерам. Лічаць, што там былі захаваны велізарныя багацці. Існавала меркаванне, што тут, у падвалах уніяцкай царквы, хавалі многіх з роду Сапегаў.
Леў пакінуў у царкве свае ручныя работы і падарункі – абразы, царкоўнае начыненне, крыж, плашчаніцу, – але ўсе гэта трапіла ў рукі захопнікаў у гады вайны.
З прыходам бальшавікоў царква была разрабавана і пераўтворана ў збожжасховішча. Будынак доўгія гады расцягвалі па цаглінах на будаўнічыя патрэбы, а пасля на руінах зладзілі альпінісцкую базу, якую зачынілі пасля трагічнай гібелі альпіністкі.
Зараз жа царква, нягледзячы на яе выгляд, таксама карыстаецца вялікай папулярнасцю. Людзі прыязджаюць туды з розных канцоў свету, каб памаліцца, паглядзець на славутасці, каля яе таксама праводзяць вядомае ў краіне свята.
Ганна СУШКОВА
Рэшткі былой велічы: палац Валадковічаў у Іванску
У рамках праекта «Бацькаўшчына» мы працягваем расказваць вам пра знакавыя мясціны нашага раёна і сёння знаёмім з гісторыяй Іванскага палаца, своеасаблівым культурна- гістарычным цэнтрам Чашніччыны таго перыяду.
З канца XVIII ст. Іванск і навакольныя вёскі набыў крайчы Менскага ваяводства Тадэвуш Валадковіч. З гэтага часу і да Кастрычніцкай рэвалюцыі Чашніччына стала месцам пастаяннага пражывання адной з галін гэтага роду, прадстаўнікі якой сваёй рэзідэнцыяй зрабілі вышэйназваную вёску.
Як паведаміў нам кіраўнік гісторыка-краязнаўчага музея ДУА «Іванская ДССШ Чашніцкага раёна» Віктар Вільгельмавіч Грыбко, на мяжы XVIII-XIX ст. Валадковічы пабудавалі ў Іванску аднапавярховы асабняк. Ён меў план моцна выцягнутага прамавугольніка і стаяў на высокіх падвальных памяшканнях з квадратнымі вокнамі. На фасадзе будынка выдзяляліся два ідэнтычныя порцікі, кожны з якіх складаўся з чатырох калон. Крайнія з іх праз сценку злучаліся з фасадам. Порцікі завяршаліся трохкутнымі франтонамі з невялікімі акенцамі. Сціплыя сцены ўпрыгожвалі вялікія вокны, падзеленыя на восем квадратных частак. Гмах быў пакрыты гладкім двухскатным гонтавым дахам. У гэтым будынку Валадковічы жылі да канца XIX ст.
Далей яны побач са старым узвялі новы, вялікі двухпавярховы асабняк без стылю, умацаваны па кутках падпоркамі. Унутраная прастора будынка нагадвала манастыр. Новы асабняк узводзіўся галоўным чынам дзеля размяшчэння там калекцый і сямейных рэліквій. Іх збіралі некалькі пакаленняў, а найбольш – апошні ўладальнік Іванска Вінцэнт Валадковіч. Вялікая, падобная на трапезную, сталовая зала новага палаца была завешана сямейнымі партрэтамі. Сярод карцін, маляваных дамарослымі мастакамі, трапляліся і каштоўныя творы. Адна зала з прыстаўленымі да сцен дубовымі шафамі, сягаючымі да столі, прызначалася для бібліятэкі і сямейнага архіва. Своеасаблівай скарбніцай было месца, дзе захоўвалі галоўным чынам старое серабро (гербавыя падносы, кошыкі тонкай карункавай работы, падсвечнікі). На сценах вісела старажытная зброя, у тым ліку шаблі, аздобленыя срэбрам і золатам, упрыгожаныя рубінамі і іншымі каштоўнымі камянямі. У памяшканні размяшчаліся старасвецкі куфар, калекцыі слуцкіх паясоў, усходніх кілімаў, посуду, прывезенага з Францыі.
Адну з залаў прызначылі для зброі, сабранай пасля бітваў уладальнікамі маёнтка. На жаль, далейшы лёс архіва, бібліятэкі, музейных экспанатаў і іншага багацця пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі невядомы.
Побач з палацам быў пабудаваны флігель, дзе жыла абслуга і размяшчалася сталовая зала для работнікаў, якія працавалі ў Валадковічаў. Флігель гэты таксама быў двухпавярховы. Жыхары Іванска жылі ў ім да пачатку 70-х гадоў XX ст., потым перасяліліся ў новыя дамы, пабудаваныя калгасам.
Палац быў акружаны вялікім пейзажным паркам з газонамі, клумбамі кветак, ліпавымі алеямі і аранжарэяй, у якой разводзіліся «заморскія кветкі». Пасярод парка была альтанка, акружаная соснамі, дарожкі пасыпаны бітай цэглай чырвонага колеру. Шмат дрэў рознай пароды. А на ўскрайку парка, ля штучнай сажалкі, стаяла капліца. Побач з паркам знаходзіўся вялікі іпадром, на якім трэніравалі панскіх рысакоў. Насупраць палаца былі гаспадарчыя пабудовы: стайні, хлявы, гумно, кузня, лядоўня. Непадалеку размяшчаўся спіртзавод.
На жаль, да нашых дзён ад былога дагледжанага і маляўнічага палацава-паркавага ансамбля захаваўся толькі флігель, які паступова разбураецца, і парк, які зарастае і губляе сваё першапачатковае аблічча.
Касцёл у Чашніках
Пра тое, як выглядаў касцёл у Чашніках, мы можам меркаваць, дзякуючы малюнку Напалеона Орды. Даследчыкі гісторыі літаральна разабралі яго на пікселі, каб зразумець веліч і непаўторнасць гэтага храма. Мы працягваем праект «Бацькаўшчына», прымеркаваны да Года гістарычнай памяці, і сёння наша ўвага прыцягнута да таго месца, дзе ў райцэнтры шмат гадоў таму ўзвышаўся цагляны касцёл.
На жаль, лёс гэтага будынка склаўся трагічна, ён не захаваўся да сённяшніх дзён. Але пра тое, што касцёл існаваў, у Чашніках добра ведаюць і зараз. Найбольш дапытлівыя яшчэ і раскажуць вам пэўныя звесткі пра гэты храм. Яны даволі цікавыя і заслугоўваюць таго, каб яшчэ раз пра гэта нагадаць.
Гісторыкі называюць дакладную дату з’яўлення цаглянага храма ў гандлёвым мястэчку — 1786 год. Дарэчы, касцёл будавалі сем гадоў у бытнасць прыёра Гуціскага. храм быў выкананы ў формах позняга барока і лічыўся самым вялікім касцёлам у Беларусі. На дзвюх яго фасадных вежах размяшчаліся гадзіннік і тры званы, адлітыя ў Рызе. Чашніцкі касцёл стаў выбітным тварэннем архітэктуры XVIII стагоддзя.
У 1816 г. храм упрыгожылі насценныя роспісы, частка якіх захоўвалася да пачатку XX ст. Самым жа каштоўным яго аздабленнем лічылася скульптура Ісуса, выразаная мясцовым жыхаром, нейкім Прыстай у пачатку XVIII ст. Да гэтай скульптуры здзяйсняліся паломніцтвы з усёй Віцебшчыны. Алтар упрыгожвалі абразы, намаляваныя мастаком В. Лейндорфам.
Пасля паўстання 1863 года касцёл спачатку закрылі, а пасля таго, як тут прадстаўнікі новага выступлення каталікоў зрабілі свой апорны пункт, яго перадалі праваслаўнай епархіі.
Цікавы факт. Мясцовая шляхта была катэгарычна супраць таго, каб касцёл існаваў у якасці праваслаўнай царквы. У пошуках праўды чашнічане дайшлі да Святога Сінода ў Пецярбургу. А пакуль пытанне вырашалася, прадстаўнікі каталіцкай шляхты днём і ноччу вартавалі касцёл. Але гэта не дапамагло, і з 1868 г. храм стаў называцца Мікалаеўскай царквой. Уся маёмасць была перададзена ў іншыя касцёлы, а знакамітую скульптуру Ісуса Хрыста перавезлі ў капліцу Валадковічаў у Іванску. Улада забараніла нават выстаўляць гэтую святыню напаказ ці падчас богаслужэнняў. Захоўвалася яна ў спецыяльнай шафе, якая зачынялася на ключ.
З прыходам савецкай улады разгарнулася барацьба з рэлігіяй. У 1930 годзе башні Мікалаеўскай царквы знеслі, і храм ператварыўся ў Дом культуры. У гады Вялікай Айчыннай вайны з ім была звязана яшчэ адна трагічная гісторыя: менавіта тут правялі апошнюю перад масавым расстрэлам ноч жыхары Чашніцкага гета.
Пасля вайны, у шасцідзясятыя гады, будынак касцёла быў канчаткова знішчаны. У райцэнтры расказвалі, што для гэтага спатрэбілася спецыяльная тэхніка, бо сцены храма былі надзвычай трывалымі. А ў 1962 годзе на гэтым месцы пабудавалі школу, якая сёння мае статус гімназіі.
Вёска Калінаўка
Наша газета далучаецца да праекта Міністэрства інфармацыі і лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава «Бацькаўшчына», прымеркаванага да Года гістарычнай памяці. На працягу года мы таксама будзем папулярызаваць гістарычную спадчыну нашай малой радзімы. У рамках праекта арганізавана тэматычная рубрыка «Бацькаўшчына». У ёй будуць размешчаны архіўныя, музейныя фатаграфіі вядомых аб’ектаў або месцаў рэгіёну з кароткай гістарычнай даведкай і адпаведныя здымкі ў сучаснасці. А сёння размова пойдзе пра адзін з самых маладых гарадоў нашай краіны — Новалукомль.
1964 год — вёска Пыркаўшчына
Месца, дзе зараз знаходзіцца энергагігант Лукомльская ДРЭС, 58 гадоў таму выглядала так. Тут была вёска Пыркаўшчына — цэнтр саўгаса «Лукомльскі».
Вось, што пісаў пра яго «Віцебскі рабочы» 21 лістапада 1964 года: «На беразе Лукомльскага возера Пыркаўшчына стаяла сотні гадоў. Сярод іншых вёсак яна вылучалася толькі адным: сваім узростам, крывой вуліцай і не вельмі дагледжанымі дамамі. Вёска моцна пацярпела падчас гітлераўскага нашэсця. Пасля вайны будавалі паспешліва — хутчэй бы пад дах. У апошні час некаторыя пачалі перабудоўвацца.
І, напэўна, быць бы вёсцы вялікім населеным пунктам, калі б не адна акалічнасць: Пыркаўшчына стала перашкодай на шляху будаўнікоў. Яе жыхароў было вырашана перасяліць у іншае месца».
Для вяскоўцаў быў пабудаваны пасёлак з 16 двухкватэрных дамоў на беразе ракі Лукамка. Сюды пераехаў і калгаснік Пётр Галуза, у двары якога расла вярба, а на ёй знаходзілася буслінае гняздо з птушанятамі. Калі будавалі катлаван пад галоўны корпус электрастанцыі, бульдозеры пласт за пластом здымалі зямлю, але не чапалі толькі маленькі астравок з гэтым дрэвам. Усе ведалі загад начальніка будоўлі не разбураць птушыны дом. Яго і не кранулі, пакуль бусляняты самі не пакінулі месца жыхарства, стаўшы на крыло.
1968 — вёска Калінаўка
Гэтая вёска таксама стала перашкодай на шляху будаўнікоў. На яе месцы ў 1968 годзе пачалося будаўніцтва мазутнай гаспадаркі ЛДРЭС. Роўна праз год паліўна-транспартны цэх прадпрыемства быў гатовы да пускавых аперацый.
Лукомльская ДРЭС
Наша газета працягвае серыю артыкулаў у рамках праекта Міністэрства інфармацыі і лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава «Бацькаўшчына». Вашай увазе — архіўныя, з кароткай гістарычнай даведкай і адпаведныя ў сучаснасці здымкі. У аб’ектыве — Лукомльская ДРЭС.
У маі 1966 года быў выкапаны першы кубаметр зямлі з катлавана пад галоўны корпус будучай Лукомскай ДРЭС. У пачатку снежня ва ўпартым спаборніцтве права працаваць у катлаване і забетанаваць пліту пад падмуркі першага энергаблока заваявалі члены комплекснай брыгады Аляксандра Якаўчыца. 15 снежня на будоўлі адбыўся шматлюдны мітынг, прысвечаны закладцы падставы пад галоўны корпус электрастанцыі. Ва ўрачыстых абставінах ў бетонную нішу была ўладкавана і замуравана памятная пліта з надпісам: «БССР, Лукомская ДРЭС, 15 снежня 1966 года, Новалукомль». Зрабіць падмурак пад першую калону галоўнага корпуса прадпрыемства даверылі перадавой брыгадзе мантажнікаў Мікалая Абознага.
Першыя ўспаміны пра кардонную фабрыку «Скіна»
ў Чашніках датуюцца 1886 годам. Менавіта тады яе пабудаваў памешчык Вінцэнт Валадковіч, устанавіўшы там дзве папераробчыя машыны. У рамках праекта «Бацькаўшчына» мы працягваем расказваць вам пра знакавыя мясціны нашага раёна і сёння знаёмім з гісторыяй папяровай фабрыкі.
Драўняную масу, неабходную для вырабу прадукцыі, рабілі на заводзе ў в. Вішкавічы, астатнія сыравіна і хімікаты былі прывазнымі. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі фабрыку мадэрнізіравалі, на ёй устанавілі тры новыя машыны для вырабу паперы. Чашніцкая «Скіна» ў той час лічылася адным з найбуйнейшых папераробчых прадпрыемстваў Расійскай імперыі. Але гэта мала адбілася на ўмовах працы рабочых (дарэчы, у асноўным на прадпрыемстве працавалі жанчыны і дзеці), якія пакутавалі ад антысанітарыі, адсутнасці нармальных вентыляцыі і ўмоў жыцця. Вынікам гэтага сталі шматлікія забастоўкі.
Адданасцю справе добра вядомы Іван Карпавіч Алфёраў, які працаваў на «Скіне», а пазней узначаліў рэспубліканскі трэст цэлюлозна-кардоннай прамысловасці.Свае лепшыя якасці ен перадаў і сыну, вядомаму фізіку, нобелеўскаму лаўрэату Жорэсу Алфёраву.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі «Скіна» была нацыяналізавана і перайшла ў распараджэнне дзяржавы. У 1918 годзе амаль поўнасцю спалена нямецкімі акупантамі. Праз некалькі год, дзякуючы намаганням рабочых, былі адноўлены папераробчыя машыны, майстэрні, выдадзена першая прадукцыя. У 1923-м фабрыка «Скіна» атрымала назву «Чырвоная Зорка». Да канца гэтага ж года яна пачала павялічваць вытворчую магутнасць.Працавалі тут у тры змены, налічвалася каля 260 пастаянных і 120 часовых рабочых, выраблялі да 10400 т паперы ў год.
У гады Вялікай Айчыннай вайны прадпрыемства не працавала, частку абсталявання напярэдадні прыходу ворага вывезлі ў тыл. Аднаўленчыя работы пачаліся адразу пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У верасні 1945 года папераробчая машына дала першую прадукцыю, затым паступова запрацавалі яшчэ дзве.Уведзены ў эксплуатацыю рулонаўпаковачная машына і цэх шырпатрэбу.
У 50-дзясятыя магутнасць фабрыкі дасягнула 7000 т паперы ў год: выпускалася шпалерная, пісчая, абгортачная, пад пергамент.
Барацьба за павелічэнне яе вырабу з’яўлялася важнай дзяржаўнай задачай.
Сур’езны крок у развіцці вытворчасці зроблены ў сямідзясятыя гады, за што фабрыцы было пры-своена званне «Прадпрыемства высокай культуры», двум відам паперы — Дзяржаўны знак якасці.
Пасля развалу Савецкага Саюза і разрыву былых гандлёва-эканамічных сувязей фабрыка апынулася ў цяжкім матэрыяльным становішчы і на працягу некалькіх гадоў знаходзілася ў крызіснай сітуацыі. Толькі дзякуючы распрацаванай праграме выхаду з крызісу і падтрымцы з боку дзяржавы, «Чырвоная Зорка» выйшла з цяжкага становішча.
Зараз філіял «Папяровая фабрыка «Чырвоная Зорка» ААТ «Светлагорскі ЦКК» — гэта сучаснае прадпрыемства, дзе скончана мадэрнізацыя папераробчай машыны, участка масападрыхтоўкі, устаноўлена новае абсталяванне па вырабу папяровых мяшкоў.Сёння ў асартыменце фабрыкі — розныя віды кардону і паперы, мяшкоў і сотавых запаўняльнікаў. Прадукцыя паспяхова рэалі-зуецца як на рынках Беларусі, так і ў краінах блізкага і далекага замежжа.
Ірына САЛАЎЁВА.
ААТ «Чысты выток 1872» — адно са старэйшых прадпрыемстваў раёна. Заснаваў яго пан Валадковіч – былы ўладальнік мястэчка Чашнікі.
У рамках праекта «Бацькаўшчына» мы працягваем расказваць вам пра знакавыя мясціны нашага раёна і сёння знаёмім з гісторыяй спіртзавода.
Дакладны год заснавання прадпрыемства ў гістарычных крыніцах не захаваўся. Але ёсць ускосныя даныя. Так, у 1872 г. у Санкт-Пецярбургу быў выдадзены зборнік «В память Первого русского Статистического съезда 1870», у якім, дарэчы, адзначаецца, што ў мястэчку Чашнікі існаваў піваварны завод. Пабудаваны ён быў ля млына на р. Лукомцы ( ля завода харчовых прадуктаў). Гэты будынак пазней ператвораны ў спіртзавод, бо з іншых гістарычных крыніц (1895 г.) вядома, што пан Валадковіч бульбу са сваіх палеткаў пераапрацоўваў на спірт. Барду скарыстоўвалі на корм жывёлам. Спірт і кормных быкоў па таннаму шляху Бярэзінскай воднай сістэмы перапраўлялі на лодках-лайбах у Рыгу, дзе і прадавалі, атрымліваючы добрыя прыбыткі. Такім чынам, калі 1872 лічыць годам першага ўпамінання аб заводзе, то сёлета яму спаўняецца 150 гадоў.
За гэты час прадпрыемства ў розныя перыяды як дасягала значных рубяжоў, так і перажывала цяжкія часіны. У гады грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў амаль ушчэнт разбуралася і вывозілася абсталяванне завода. Прыходзілася ўсё пачынаць спачатку. Цяжкімі былі многія дні і ў недалёкім мінулым завода. Так, у 1986 годзе, калі прынялі ўрадавую пастанову аб барацьбе з п’янствам і алкагалізмам, на прадпрыемстве спынілі вытворчасць спірту, пачалі вырабляць канцэнтрат кваснага сусла.
Не менш складанымі былі 1993-і, 1994-ы. У гэты час разбурыліся сувязі з Расіяй, галоўнымі рынкамі збыту спірту – Масквой і Ленінградам. Страціліся і пастаянныя пастаўшчыкі сыравіны: бульбу ў калгасах і саўгасах пачалі вырошчваць на значна меншых плошчах і пераважна для сваіх патрэб.У гэтыя гады прадпрыемства часта прастойвала.
Толькі ў 1995 годзе адладзіліся гэтыя пытанні ў жыцці завода. Вялікім дасягненнем у гэты год быў увод у дзеянне брагарэктыфікацыйнага цэха. Збыт чыстага спірту значна палепшыўся, якасць яго адпавядала марцы «Люкс». Прадпрыемства па эканамічных паказчыках выйшла на першае месца ў раёне.
Праз два гады былі здадзены ў эксплуатацыю брадзільны цэх прадукцыйнасцю 1500 далаў у суткі, а таксама праведзена рэканструкцыя дапаможных цэхаў завода з пераходам на эканамічнае паліва.
Далей праводзілася работа па частковай і поўнай аўтаматызацыі вытворчых працэсаў. Акрамя спірту, на заводзе наладжаны выпуск жытняга ферментаванага і неферментаванага соладу для хлебапячэння, вытворчасць вадкасці, шклоамывальнай, незамярзальнай, у 2020-м — сродку дэзынфіцыруючага «75PRO», ПЭТ-тары. Два гады назад была праведзена мадэрнізацыя брагарэктыфікацыйнай устаноўкі па павелічэнні вытворчай магутнасці з адначасовым выпускам жытняга збожжавага дыстыляту. У гэтым годзе завершана перааснашчэнне варачнага аддзялення з аўтаматызацыяй тэхналагічнага працэсу, а таксама мадэрнізацыя кацельнага агрэгата.
У 2016 г. завод пераўтвораны ў ААТ «Чысты выток 1872». Якасць гатовай прадукцыі пацвярджаецца штогадовымі ўзнагародамі на міжнародных конкурсах, таварыства ў 2019 г. занесена на Дошку гонару Віцебскай вобласці.
Ірына Салаўёва