В проекте “Бацькаўшчына” рассказваем историю ОАО “Чистый исток-1872”, который функционирует в Чашниках
ААТ «Чысты выток 1872» — адно са старэйшых прадпрыемстваў раёна. Заснаваў яго пан Валадковіч – былы ўладальнік мястэчка Чашнікі.
У рамках праекта «Бацькаўшчына» мы працягваем расказваць вам пра знакавыя мясціны нашага раёна і сёння знаёмім з гісторыяй спіртзавода.
Дакладны год заснавання прадпрыемства ў гістарычных крыніцах не захаваўся. Але ёсць ускосныя даныя. Так, у 1872 г. у Санкт-Пецярбургу быў выдадзены зборнік «В память Первого русского Статистического съезда 1870», у якім, дарэчы, адзначаецца, што ў мястэчку Чашнікі існаваў піваварны завод. Пабудаваны ён быў ля млына на р. Лукомцы ( ля завода харчовых прадуктаў). Гэты будынак пазней ператвораны ў спіртзавод, бо з іншых гістарычных крыніц (1895 г.) вядома, што пан Валадковіч бульбу са сваіх палеткаў пераапрацоўваў на спірт. Барду скарыстоўвалі на корм жывёлам. Спірт і кормных быкоў па таннаму шляху Бярэзінскай воднай сістэмы перапраўлялі на лодках-лайбах у Рыгу, дзе і прадавалі, атрымліваючы добрыя прыбыткі. Такім чынам, калі 1872 лічыць годам першага ўпамінання аб заводзе, то сёлета яму спаўняецца 150 гадоў.
За гэты час прадпрыемства ў розныя перыяды як дасягала значных рубяжоў, так і перажывала цяжкія часіны. У гады грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў амаль ушчэнт разбуралася і вывозілася абсталяванне завода. Прыходзілася ўсё пачынаць спачатку. Цяжкімі былі многія дні і ў недалёкім мінулым завода. Так, у 1986 годзе, калі прынялі ўрадавую пастанову аб барацьбе з п’янствам і алкагалізмам, на прадпрыемстве спынілі вытворчасць спірту, пачалі вырабляць канцэнтрат кваснага сусла.
Не менш складанымі былі 1993-і, 1994-ы. У гэты час разбурыліся сувязі з Расіяй, галоўнымі рынкамі збыту спірту – Масквой і Ленінградам. Страціліся і пастаянныя пастаўшчыкі сыравіны: бульбу ў калгасах і саўгасах пачалі вырошчваць на значна меншых плошчах і пераважна для сваіх патрэб.У гэтыя гады прадпрыемства часта прастойвала.
Толькі ў 1995 годзе адладзіліся гэтыя пытанні ў жыцці завода. Вялікім дасягненнем у гэты год быў увод у дзеянне брагарэктыфікацыйнага цэха. Збыт чыстага спірту значна палепшыўся, якасць яго адпавядала марцы «Люкс». Прадпрыемства па эканамічных паказчыках выйшла на першае месца ў раёне.
Праз два гады былі здадзены ў эксплуатацыю брадзільны цэх прадукцыйнасцю 1500 далаў у суткі, а таксама праведзена рэканструкцыя дапаможных цэхаў завода з пераходам на эканамічнае паліва.
Далей праводзілася работа па частковай і поўнай аўтаматызацыі вытворчых працэсаў. Акрамя спірту, на заводзе наладжаны выпуск жытняга ферментаванага і неферментаванага соладу для хлебапячэння, вытворчасць вадкасці, шклоамывальнай, незамярзальнай, у 2020-м — сродку дэзынфіцыруючага «75PRO», ПЭТ-тары. Два гады назад была праведзена мадэрнізацыя брагарэктыфікацыйнай устаноўкі па павелічэнні вытворчай магутнасці з адначасовым выпускам жытняга збожжавага дыстыляту. У гэтым годзе завершана перааснашчэнне варачнага аддзялення з аўтаматызацыяй тэхналагічнага працэсу, а таксама мадэрнізацыя кацельнага агрэгата.
У 2016 г. завод пераўтвораны ў ААТ «Чысты выток 1872». Якасць гатовай прадукцыі пацвярджаецца штогадовымі ўзнагародамі на міжнародных конкурсах, таварыства ў 2019 г. занесена на Дошку гонару Віцебскай вобласці.
Ірына Салаўёва