Кніжкіна бальніца
Традыцыйна ў канцы сакавіка ў бібліятэках раёна праходзяць тыдні дзіцячай кнігі. Напрыклад, у Іванскай сельскай бібліятэцы з удзелам вучняў малодшых класаў мясцовай школы адбылася акцыя “Кніжкіна бальніца”.
Напачатку мерапрыемства бібліятэкары расказалі хлопчыкам і дзяўчынкам пра “хваробы” кніг. Дзеці ўважліва слухалі, а потым пачалі “лячыць літаратуру”: выпроствалі і падклейвалі старонкі, сціралі гумкай алоўкавыя пазнакі. Усяго маленькімі дактарамі было адрамантавана больш за 30 выданняў.
Падчас правядзення мерапрыемства школьнікі адчулі важнасць сваёй працы і прыйшлі да высновы, што да кнігі трэба ставіцца акуратна, а калі незнарок здарылася яе парваць, то неабходна хутка аказаць ёй “першую дапамогу.”
Варвара ЮРКЕВІЧ.