Нашчадкі вялікага Скарыны
У мінулыя выхадныя старажытны Полацк прымаў шматлікіх гасцей з усіх куткоў нашай краіны. У горадзе, які прынята называць “калыскай беларускай дзяржаўнасці”, адбылося маштабнае свята. Выставы, творчыя конкурсы, фестывалі, кірмашы, сустрэчы з пісьменнікамі і літаратурныя дыспуты, адкрыццё памятных знакаў, уручэнні ўзнагарод — не пералічыць усіх мерапрыемстваў, якія мелі месца. Дзень беларускага пісьменства, 500-годдзе беларускага кнігадрукавання адзначылі, як і належыць. Дарэчы, у гэтыя ж дні Полацк святкаваў 1155-годдзе з дня заснавання.
Мы ж засяродзім увагу на тым, як былі прадстаўлены на грандыёзным свяце нашы землякі.
Майстры Чашніцкага раённага Дома рамёстваў экспанавалі свае работы. Кераміка, вышыўка, ткацтва, салома-пляценне — талентамі мы багаты. Было што прапанаваць удзельнікам фэсту. Сувенірная прадукцыя карысталася попытам.
Работнікі Чашніцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы прадставілі на Дні беларускага пісьменства сапраўдныя шэдэўры. Па іншаму і не скажаш. Наведвальнікі Полацкага гарадскога Палаца культуры з вялікім задавальненнем гарталі кнігу легенд і паданняў “Чашніччына — край таямніц”. Падчас яе стварэння выкарыстоўваліся разнастайныя прыродныя матэрыялы, такія прыёмы, як аплікацыя з саломкі, фларыстыка, саломапляценне і нават лепка з цеста. Аўтары – загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Ірына Люсіна і бібліятэкар Іна Бойка.
Самаробная кніга вершаў для дзяцей Янкі Журбы (выкананая з такіх матэрыялаў, як фетр, тканіна, каляровы картон і папера) таксама парадавала публіку. Загадчык дзіцячай бібліятэкі-філіяла №1 горада Чашнікі Алена Александровіч і бібліятэкар Ларыса Шаламанава здолелі пакарыць шматлікіх наведвальнікаў Палаца культуры.
Нарэшце, работа загадчыка бібліятэкі-філіяла №17 пасёлка Чырвоная Раніца Алёны Мядзюк і бібліятэкара Таццяны Гурко. Іх кніга вершаў Янкі Журбы пад назвай “Я рос сярод красы прыроды” , выкананая з дапамогай такіх прыёмаў, як вышыўка крыжыкам, макрамэ, маляванне акрылавымі фарбамі на тканіне, не пакінула раўнадушнымі гасцей свята.
Беларусы — нашчадкі вялікага Скарыны. Наш славуты першадрукар калісьці шмат зрабіў для таго, каб жыло роднае слова. Давайце ж любіць і шанаваць яго. Гэта галоўны скарб усіх пакаленняў беларусаў.
Юрый АЛЕКСАНДРОВІЧ.