Время идет, а праздник остается
Жыццё яно няспыннае: кожны дзень прыносіць нешта новае. Бывае так, што некаторыя падзеі мы адкрываем для сябе зусім у новым абліччы. Свята Кастрычніцкай рэвалюцыі, якое адзначаецца 7 лістапада, таму пацвярджэнне.
Тыя, хто нарадзіўся і вырас пры савецкім строі, добра памятаюць гэты дзень як адно з самых значных свят. Яно масава і ўрачыста адзначалася ва ўсіх рэспубліках былога СССР. Да ўдзелу ў святочнай дэманстрацыі ішла грунтоўная падрыхтоўка. Добра запомніліся ўрокі працы ў школе, калі рабілі сваімі рукамі вялікія гваздзікі – сімвал Кастрычніцкай рэвалюцыі. У дзіцячым узросце мы многага не разумелі, але ж адчуванне свята захавалася па сённяшні дзень.
У кагосьці з моладзі можа ўзнікнуць пытанне: чаму рэвалюцыя Кастрычніцкая, а адзначаецца ў лістападзе? Усё проста: непасрэдныя рэвалюцыйныя падзеі адбываліся ў кастрычніку 1917 года, тады грамадзяне жылі па юліянскім календары, а ў 1918 годзе адбыўся пераход на грыгарыянскі каляндар, даты ў ім змясціліся, вось і сталі адзначаць 7 лістапада. Пра прычыны падзей тых далёкіх дзен, іх сутнасць і значэнне для нашага часу разважаць не будзем. Усё ёсць у падручніках па гісторыі, шмат розных палярных ацэнак можна знайсці на інтэрнэт-прасторы. Але ж гісторыю ніхто наноў не перапіша, яе проста трэба ведаць. І як зазначыў беларускі лідар падчас сваёй рабочай паездкі 4 лістапада па Віцебскай вобласці:
– Дзень 7 лістапада быў і застанецца святочным днём у календары, проста яго неабходна напаўняць новым сэнсам.
Валянціна ПРЫШЧЭПАВА