Сила народа в единстве
«Усе мы жывём разам, нават калі некаторыя гэтага і не заўважаюць. Ва ўсіх нас адны і тыя ж карані, усе мы галінкі аднаго дрэва», – так сцвярджаў Уладзімір Ліпскі ў сваёй кнізе «Я. Праўдзівы аповед пра твой і мой радавод». Выказванне вельмі актуальна, слушна, з асаблівай глыбінёй гучыць у Дзень народнага адзінства, якое сёння адзначаецца ў нашай краіне.
Гэта самае маладое свята ў нашай дзяржаве, але гісторыя яго ўзнікнення адсылае нас на 85 год назад. Менавіта 17 верасня 1939 года пачалося ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі. Тэрыторыя нашай краіны была падзелена мяжой амаль на 20 год у выніку падпісання Рыжскага мірнага дагавору.
Памятаю яшчэ са школьных падручнікаў: «17 верасня 1939 года пачаўся вызваленчы паход Чырвонай Арміі, вынікам якога стала далучэнне Заходняй Беларусі да БССР. Савецкая армія вярнула Беларусі большасць яе гістарычных тэрыторый, колькасць насельніцтва павялічылася амаль удвая».
Нам, жыхарам Віцебскай вобласці, дакладней нашым продкам, пашчасціла пазбегнуць польскай экспансіі, якой падвергліся жыхары Заходняй Беларусі.
Таму на Віцебшчыне вы і не знойдзеце назваў, якія б сведчылі аб тых легендарных днях. А вось у заходняй частцы Беларусі у гонар гэтай падзеі названыя вуліцы – у Брэсце і Кобрыне, Стоўбцах і Нясвіжы, Мядзелі, Маладзечне, Валожыне, Ашмянах ды многіх іншых гарадах і пасёлках. У Столінскім, Нясвіжскім раёнах ёсць калгасы «17 верасня», цяпер гэта сельскагаспадарчыя прадпрыемствы з аграгарадкамі. Выключнасць падзей 1939 года адзначыў у сваім вершы знакаміты беларускі паэт Янка Купала:
Ты з Заходняй, я з Усходняй
Нашай Беларусі
Больш з табою ўжо ніколі
Я не разлучуся …
Сваімі думкамі пра Дзень народнага адзінства падзяліўся настаўнік гісторыі сярэдняй школы №4 Ігар Залескі.
– Дата 17 в е р а с н я сапраўды знака – вая, яна налічвае 85-гадовую гісторыю. Сімвалічна, што яна атрымала гаваркую назву – Дзень народнага адзінства. Яднанне было жыццёва неабходным як 85 год назад, так і зараз тэма адзінства народа выспела зноў. Скрозь прызму часу важнасць свята ўсведамляецца па-асабліваму. Каб у гэты дзень савецкая армія не пайшла ў наступ і не адбіла землі Заходняй Беларусі ў палякаў, каб крыху зацягнула, хто ведае, якая б была канфігурацыя межаў Беларусі і ці існавала б беларуская дзяржава ўвогуле. Вельмі добра, што гэты гістарычны дзень стаў святочным. Гэта, па сутнасці, дзень нараджэння нашай нацыі.
Хачу адзначыць, што ў падручніках па гісторыі гэтай даце нададзена шмат увагі, так і павінна быць, каб кожны малады чалавек ведаў, што гэты дзень асаблівы. Дарэчы, вучні сёння жыва цікавяцца гісторыяй Беларусі, задаюць шмат пытанняў. Моладзь павінна ведаць мінулае малой радзімы, краіны, дзе жыве. З гэтага пачынаецца сапраўдны патрыёт і грамадзянін сваёй краіны.
У дадатак, сэнс гэтага свята для моладзі не толькі ў тым, каб устанавіць гістарычную справядлівасць, але яшчэ і сфарміраваць трывалае разуменне: каб жыць добра і не стаяць на месцы, трэба прыкладаць сумесныя намаганні і плённа працаваць.
Такім чынам, як бачым, значэнне гэтага свята нельга пераацаніць. Калі разважаеш пра яго сэнс, на думку прыходзіць выказванне Стэфана Цвейга «Вялікія і добрыя справы яднаюць людзей». Як важна жыць у згодзе, разумець адно аднаго, даражыць адзінствам. У гэтым ёсць і свой сэнс, і жыццёвая мудрасць. І так хочацца, каб мы, людзі, таксама разумелі, выбудоўвалі прыязныя, добрасуседскія адносіны, бо, напэўна, няма на нашай планеце чалавека, які б не марыў аб упэўненасці ў заўтрашнім дні, мірным і спакойным жыцці, без войнаў і канфліктаў.
Валянціна ПРЫШЧЭПАВА