В Чашникском районе работа по увековечению памяти жертв геноцида ведется активно
Памяць чалавечая – дзіўная рэч. Вучонымі ўстаноўлены факт: дрэннае, негатыўнае хутка забываецца, каб не нашкодзіць арганізму. Але ёсць тое, што забываць проста не маем права. Гэта наша мінулае, насычанае рознымі падзеямі. Зварот да важных дат — вельмі значны ў справе захавання гістарычнай памяці.
Міжнародны дзень памяці ахвяр генацыду адзначаецца штогод дзявятага снежня. Дата абрана невыпадкова: 9 снежня 1948 года была прынятая Канвенцыя аб папярэджванні злачынстваў генацыду і пакараннях за яго. Усе краіны, прыняўшыя дакумент, падцвердзілі адказнасць за абарону свайго насельніцтва ад генацыду. Тут трэба звярнуць увагу на тлумачэнне самаго слова генацыд, бо чамусьці існуе думка, што гэта вынішчэнне толькі яўрэйскага насельніцтва. На самой справе генацыд у Канвенцыі вызначаецца як «дзеянні, якія здзяйсняюцца з намерам знішчыць, поўнасцю або часткова якую-небудзь нацыянальную, этнічную, расавую або рэлігійную групу». А як яшчэ можна назваць бесчалавечную палітыку краіны-агрэсара ў адносінах да насельніцтва нашай Беларусі, калі загінуў кожны трэці? Калі адкрываюцца ўсё новыя і новыя жудасныя факты? Да гэтага лічылася, што за гады акупацыі спалена поўнасцю або часткова больш за 9 тысяч беларускіх вёсак. Цяпер вядома пра 12 тысяч. І гэта не канчаткова. Устаноўлены факт: кіраўнікамі Трэцяга рэйха адкрыта абвяшчалася адна з мэт вайны супраць Савецкага Саюза — вынішчыць не менш за 30 мільёнаў славян. Згодна з генпланам «Ост» 75 адсоткаў насельніцтва Беларусі планавалася знішчыць, астатніх — анямечыць. Масавае забойства было пастаўлена на паток і вялося варварскімі метадамі: праз расстрэлы і шыбеніцы, газавыя камеры і спальванне, голад і распаўсюджванне эпідэмій. І гэта генацыд!
У нашай краіне робіцца ўсё, каб не толькі не забыць аб трагедыі, але і прыцягнуць усіх вінаватых да адказнасці, бо гэта злачынства не мае срокаў даўнасці. Тры гады таму Генпракуратура ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду беларусаў падчас Вялікай Айчыннай вайны. У аснову ляглі звесткі аб гібелі мільёнаў людзей ад рук нямецкіх акупантаў і іх памагатых. Кожнае абвінавачванне дакументальна абгрунтавана. Архіўныя матэрыялы, зводкі карнікаў, паказанні відавочцаў. Ужо ўстаноўлена і дапрошана больш за 19 тысяч чалавек, палова — пацярпелыя, у тым ліку былыя вязні лагераў смерці. Акрамя гэтага вядуцца раскопкі ў месцах масавага знішчэння мірнага насельніцтва. Крымінальныя справы накіроўваюцца ў Вярхоўны суд. Праца будзе працягвацца, каб прадухіліць падобныя злачынствы супраць чалавечнасці і аднавіць гістарычную справядлівасць. І сёння, калі нацызм зноў пачынае прарастаць на еўрапейскай прасторы, мы не маем маральнага права забыцца на ўсё тое, што чынілася на нашых землях у часы Вялікай Айчыннай вайны. Аддаць даніну памяці ахвярам генацыду — святы абавязак кожнага беларуса.
На Чашніччыне ў такі памятны дзень ля брацкіх магіл у вёсках Пачаевічы і Тоўпіна прайшлі грамадзянскія мітынгі. Удзельнікі іх у чарговы разпрыгадалі подзвіг салдат, вызваляўшых нашу краіну ад варожай навалы.
На месцах пахаванняў у рамках праекта «Захаваем гісторыю» была праведзена ацыфроўка помнікаў – устаноўлены таблічкі з QR-кодам.
Валянціна ПРЫШЧЭПАВА