21.11.2024
Общество

О трудовых буднях механизаторов из «Проземле-Агро»

  • 17 ноября, 2024
  • 1 min read
О трудовых буднях механизаторов из «Проземле-Агро»

Ёсць каштоўнасці вечныя, і адна з такіх – хлеб. Ён мае і важную сакральную функцыю, бо ад яго напрамую залежыць жыццё чалавека. Каравай можна ўбачыць на кожным свяце. Але ж як ў прыказцы «Калі хочаш хлеб мець, то трэба зямельку глядзець», і хто гэта зробіць, як ні аграрыі?

Гэтым лістападаўскім днём мы завіталі на прадпрыемства «Проземле-Агра», каб даведацца, чым жывуць механізатары – сіла і гонар гаспадаркі. Адразу зазначым, што тут працуюць як вопытныя аграрыі, чые рукі памятаюць штурвалы першых трактароў і камбайнаў, так і больш маладыя, што лёгка спраўляюцца з сучаснай тэхнікай. Але ўсіх іх аб’ядноўвае любоў да сваёй справы і да зямлі, на якой яны працуюць.

Што значыць людзі справы – ні хвіліны без работы, без прастою. Аляксандра Емяльянава мы заспелі на прывычным рабочым месцы – у кабіне «Беларуса», калі ён развозіў салому па малочна-таварнай ферме ў Цяпіна. Падчас непрацяглай размовы, бо работа ў гаспадарцы прыспешвае, Аляксандр Фёдаравіч расказаў:

– Усё маё жыццё звязана з працай на зямлі: нарадзіўся ў гэтай вёсцы, з дзіцячых гадоў ведаў усю сельскагаспадарчую работу, таму, калі прыйшоў час выбіраць прафесію, не задумваючыся, вырашыў займацца прывычнай справай. Мне гэта было цікава, тым больш што і бацька працаваў механізатарам. Вось ужо больш за 20 год кручу «баранку» трактара ў вясенне-асенні перыяд: уношу мінеральныя ўгнаеннні, каб вырас добры ўраджай.

А прыходзіць час жніва – я заштурвал камбайна. У гэтым годзе надвор’е спрыяла ўборцы, справіліся своечасова.

Вось так на адным дыханні хлебароб расказаў пра свае трудавыя будні. Па тым, як легка, з усмешкай на твары распавядаў Аляксандр, можна было адчуць, што чалавек жыве сваёй справай. Тым больш і падтрымка добрая ёсць – жонка таксама працуе ў гэтай гаспадарцы лабарантам і добра ведае, што «лёгкі хлеб» бывае толькі ў казцы.

Пра асаблівасці апрацоўкі глебы мы даведаліся, сустрэўшыся з адным з самых вопытных трактарыстаў-машыністаў – Васілём Друцам. Кіраўніцтва яго ахарактарызавала як лепшага аратага, які паказвае ўзоры руплівасці пры перапашцы глебы. І гэта не дзіўна: за свой вялікі працоўны час пазнаёміўся практычна з усёй сельскагаспадарчай тэхнікай, пачынаючы з «Кіраўца» да апошняй мадэлі «Беларуса». Галоўнае ў рабоце, як адзначыў Васіль Леанідавіч, – жаданне працаваць, калі яно ёсць, усё атрымаецца. Да гэтага прывучыў і дзяцей, старэйшы пайшоў па бацькавай дарозе. Як кажуць, так трымаць і не збівацца з курсу.

Безумоўна, ёсць у нашых герояў, як і ў іншых вяскоўцаў, клопаты на ўласным падвор’і. Але гэта менавіта тыя людзі, якія грамадскія клопаты ставяць вышэй за асабістыя. Бо разумеюць яны, што кормяць дзяржаву.

Немалаважны фактартакой працаздольнасці – матэрыяльнае і маральнае стымуляванне людзей. Нашы суразмоўцы за сваю пачэсную справу неаднаразова адзначаліся граматамі і іншымі ўзнагародамі.

Дзейнасць Васіля Леанідавіча і Аляксандра Фёдаравіча – прыклад таго, як хлебаробы павінны клапаціцца аб развіцці гаспадаркі. Яны, а ў гэтым мы пераканаліся, ні на хвіліну не прыпыняюць сваю справу, каб і ў будучым годзе ніва парадавала ўраджаем. А будзе хлеб, і да хлеба прасцей прыдбаць.

Валянціна ПРЫШЧЭПАВА

Поделиться в: