Сёння ўсе ведаюць Нацыянальную бібліятэку ў Мінску па неверагоднай форме алмаза. Яна ўваходзіць у лік ста самых дзіўных архітэктурных збудаванняў, створаных на памежжы стагоддзяў. Але далёка не ўсім вядома, што непасрэднае дачыненне да яе ўзнікнення меў наш земляк – Міхаіл Кліменцьевіч Вінаградаў.
Менавіта ён, у суаўтарстве з Віктарам Крамарэнка, стварыў грандыёзны праект бібліятэкі, якая стала візітоўкай Беларусі. Дзякуючы ёй дзесяць мільёнаў беларусаў даведаліся пра існаванне геаметрычнай фігуры «ромбакубаактаэдра» – гэта назва формы сучаснай бібліятэкі, знешне падобнай на дыямент.
Трэба адзначыць, што гісторыя гэтага праекта пачынаецца яшчэ з канца 1980-х гадоў, калі ўрад БССР задумаў чарговую ўсенародную будоўлю. Быў аб’яўлены конкурс саюзнага маштабу і на стварэнне новага будынка Дзяржаўнай бібліятэкі імя Леніна, такую назву яна мела да 1992 года, перамогу ў ім атрымаў праект пад кіраўніцтвам архітэктараў Віктара Крамарэнкі і Міхаіла Вінаградава. Але няпростыя 90-я, недахоп фінансаў адсрочылі яго рэалізацыю. І вось у 2005 годзе будынак бібліятэкі ў форме алмаза, які стаў сапраўдным сімвалам Беларусі, атрымаў рэальнае ўвасабленне. Гэта быў своеасаблівы зорны час архітэктара. Якім жа быў шлях да поспеху?
Міхаіл Вінаградаў нарадзіўся ў 1944 годзе на Чашніччыне, у вёсцы Навасады, у сям’і рабочага. Нягледзячы на адсутнасць патрэбнай адукацыі яго бацька вельмі добра маляваў, хутчэй за ўсё гэтыя творчыя здольнасці і перадаліся ў спадчыну. Напачатку вучыўся ў сярэдняй школе №1 г. Чашнікі, на той час гэта быў стары будынак, далей вучобу працягнуў у Мінску, куды сям’я пераехала ў хуткім часе. Паступаў у мастацкае вучылішча, але не прайшоў па стане здароўя. Маючы творчыя здольнасці, вырашыў паспрабаваць свае сілы ў другой галіне мастацтва – архітэктуры. У 1968 скончыў Беларускі політэхнічны інстытут па адпаведнай спецыяльнасці. Каля васьмі год выкладаў у Беларускім політэхнічным інстытуце. Больш за 50 год прапрацаваў у праектных арганізацыях. З’яўляўся членам Беларускага саюза архітэктараў з 1974 года.
У сваіх апошніх інтэрв’ю Міхаіл Вінаградаў прыгадваў, што заўсёды вельмі ўважліва ставіўся да кожнага свайго праекта, выступаў за функцыянальнасць: уяўляў, як бы сам жыў ці працаваў у будынку, які спраектаваў. Яго ніколі не цікавілі аднатыпныя пабудовы. Гэта своеасаблівая адметнасць не проста творчай асобы, а чалавека, натхнёнага сваёй справай. Таму і не дзіўна, што ўсе архітэктурныя аб’екты, створаныя нашым земляком выбітныя, не падобныя адзін да другога. Гэта і будынак чыгуначнага вакзала ў Мінску, і кінатэатр «Масква», і комплекс Акадэмгарадка НАН Беларусі, і санаторый «Белая Русь» на Нарачы, усіх і не пералічыць. У творчай майстэрні, заснаванай архітэктарам у 1989 годзе, было спраектавана больш за 200 аб’ектаў, каля 120 было ўвасоблена ў жыццё. Яго дзейнасць неаднойчы адзначана на дзяржаўным ўзроўні: атрымаў ганаровае званне заслужанага архітэктара Беларусі, двойчы быў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі.
Родныя прыгадваюць Міхаіла Кліменцьевіча з асаблівай цеплынёй.
– Запомніўся як чалавек добры, адкрыты, надзелены пачуццём такту, – адзначае сваячка архітэктара, Таццяна Аляксандраўна Ганчарова. – На жаль, мы не так часта бачыліся. Але можна было з адной сустрэчы зразумець, наколькі вялікае месца займала ў яго жыцці работа архітэктарам. Ён не працаваў, а жыў ёй, уявіце, што некаторыя ідэі яго грандыёзных, не пабаюся гэтага слова, праектаў нават прыходзілі ў сне. Самае галоўнае, нягледзячы на грамадскае прызнанне, статус, ён заставаўся адкрытым, гатовым, калі трэба, аказаць падтрымку. Заўжды быў падцягнуты, стыльна і з густам апрануты. Мы ім вельмі ганарымся.
У адным з апошніх сваіх інтэрв’ю вядомы архітэктар расказваў, што па рабоце даводзілася шмат падарожнічаць: быў у розных краінах, многа назіраў за работай іншых, прыходзілася і самому дзяліцца вопытам. Неаднойчы паступалі прапановы пераехаць працаваць за мяжу. Міхаіл Кліменцьевіч заўсёды адзначаў, што хоча жыць і працаваць на карысць сваёй радзімы. Гэта заслугоўвае павагі, і такім шчырым рупліўцам на роднай зямлі ён і застанецца ў нашай памяці.
Валянціна ПРЫШЧЭПАВА
Члены Совета Республики проведут 11 ноября единый день приема граждан в Витебской области