Работники культуры — неординарные люди. В этом убедился корреспондент газеты, заглянув в Новолукомльский Дворец культуры

Працаўнікі сферы культуры – неардынарныя людзі. Ім уласціва своеасаблівае светаўспрыманне і шчырая адданасць выбранай справе. У гэтым мы пераканаліся, завітаўшы ў Палац культуры горада Новалукомля напярэдадні прафесійнага свята.

Нас ветліва сустрэла Наталля Васілевіч і распавяла, што ў Палацы працуе дваццаць чатыры калектывы. Кіраўнік стварыла вакол сябе творчую атмасферу, дзе ўсе разам працуюць на агульны вынік – падарыць святочны настрой, адчуванне радасці наведвальнікам.

Прыадкрыць таямніцу творчага працэсу нам дазволілі дзве цікавыя асобы: кіраўнік узорнай студыі эстраднай песні «Ля-ля-фанька» Дзіана Корбан і кіраўнік салістаў вакальна-эстраднай групы «Голас» Анастасія Савіцкая. Вельмі цікавыя і апантаныя сваёй справай субяседніцы амаль разам зазначылі, што прыход у такую творчую прафесію быў, можна сказаць, прадвызначаны. Абедзве дзяўчыны прыйшлі ў Палац яшчэ ў у далёкім 1994 годзе школьныя гады як удзельніцы гуртка «Ляля-фанька». Таму не дзіўна: дзяўчаты самі цудоўна спяваюць і навучаюць гэтаму сваіх выхаванцаў. Толькі розніца ва ўзросце навучэнцаў. На пытанне, з кім прасцей працаваць – з малымі ці дарослымі, Анастасія Аляксандраўна зазначае:

– З усімі няпроста, але ж дарослыя – больш патрабавальны кантынгент, усе са сваімі сфарміраванымі характарамі, кожнаму патрэбны свой падыход. Спецыфіка нашай работы, каб не толькі для сябе спявалі, але і выходзілі на сцэну. Мы павінны на ўсе мерапрыемствы прадстаўляць нумары, але ж дарослыя, бывае, саромеюцца выступаць.

Дзіана Аляксандраўна, прыемна ўсміхаючыся, дадае:

– З дзецьмі ж наадварот: на сцэне жадаюць пець усе і адразу, нават калі яшчэ не навучыліся. Праблем з наборам звычайна няма.

Абедзве Аляксандраўны пагадзіліся, што для дасягнення вынікаў неабходна пастаянна працаваць, і не мае значэння, які ўзрост вучняў.

Таму і бываюць кіраўнікі асабліва патрабавальнымі да сваіх выхаванцаў, часам нават занадта. Але гледзячы на гэтых абаяльных, вясёлых дзяўчат, не верыцца. Як яны зазначылі далей: без патрабавальнасці добрых вынікаў не ўбачыш. А яны ёсць: дзеці Дзіаны Аляксандраўны заўсёды вяртаюцца з конкурсаў з граматамі, дарослыя Анастасіі Аляксандраўны таксама не адстаюць: ім, як нікому, удаецца стварыць святочную атмасферу на любым мерапрыемстве, чаго вартая адна Ірына Пестунова, якая стала вядома далёка за межамі Беларусі дзякуючы бліскучаму выступленню на праекце НТВ «Ты супер! 60+».

На пытанне пра рэпертуар, дзяўчаты адказалі, што ў прыярытэце грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, таму і падбіраем адпаведныя тэксты на рускай і беларускай мовах.

І Дзіана Аляксандраўна, і Анастасія Аляксандраўна прайшлі ўжо большую палову свайго працоўнага шляху, таму і не дзіўна, калі сходзяцца на думцы: увогуле неталенавітых людзей няма, ёсць тыя, у каго талент пакуль яшчэ не раскрыты. І наша асноўная задача – зрабіць так, каб гэты прыродны дар заззяў усімі фарбамі вясёлкі.

На пытанне пра ролю музыкі ў іх жыцці дзяўчаты прызнаюцца:

– Музыка – лад жыцця, яна арганізуе чалавека. Гэта важна для самаразвіцця. Даказаны факт, што падчас спеваў выпрацоўваецца гармон шчасця – аксітацын. Вывад напрошваецца сам сабой: спявайце, каб быць шчаслівымі, а мы вам у гэтым дапаможам.

Цікавыя субяседніцы і ў першую чаргу сваёй адданасцю любімай справе, абраўшы яе аднойчы, не змяняюць і не здраджваюць ёй. Нягледзячы на ўсе складанасці і невялікія заробкі, старажылы Палаца культуры, так яны самі сябе ахарактарызавалі, улічваючы свой час працы ў гэтай установе, здзіўляюць сваім энтузіязмам, творчай натхнёнасцю. Падумалася, якім бы сумным было жыццё, каб не работнікі культуры.


Валянціна ПРЫШЧЭПАВА

Фота аўтара

Поделиться в: