Поговорили с одним из опытных фармацевтов Чашниччины — Татьяной Папко

Выбраць патрэбныя, удакладніць дазіроўку без шкоды для здароўя вам заўсёды дапаможа прафесійны фармацэўт. Мы вырашылі даведацца пра нюансы аптэкарскай справы ў аднаго з самых вопытных фармацэўтаў – Таццяны Папко напярэдадні прафесійнага свята.

– З чаго пачаўся ваш шлях у фармацэўтыку?
– Ужо мінула амаль трыццаць год, як я працую ў аптэцы. Трапіла сюды па размеркаванні пасля заканчэння Магілёўскага медвучылішча, зараз медкаледжа.
– У чым заключаецца работа фармацэўта?
– Фармацэўт выконвае ролю кансультанта, прадае і выдае лекі па рэцэпту ўрача, дапамагае ў выбары пэўнага прэпарату.
– Якая розніца паміж прафесіяй фармацэўта і правізара?
– Фармацэўты выходзяць пасля медкаледжаў, а вось правізарамі становяцца, атрымаўшы вышэйшую адукацыю.
– У аптэку часам ідуць як на прыём да ўрача – не проста купіць лекі, але і абмеркаваць асаблівасці лячэння. Гэта ўваходзіць у абавязкі фармацэўта?
– Не. Хочацца яшчэ раз нагадаць, што мы не ўрачы, каб ставіць дыягназы і назначаць лячэнне, гэта забаронена пастановай Міністэрства аховы здароўя. Адзінае, мы можам парэкамендаваць пэўныя лекі па канкрэтных сімптомах і расказаць, як іх правільна ўжываць.
– Ведаю, што ў Беларусі зарэгістравана больш за пяць тысяч лекавых прэпаратаў, як вы арыентуецеся ў гэтым моры назваў?
– Мы для гэтага і атрымоўваем прафесійную адукацыю: дакладна ведаем міжнародныя назвы, размяжоўваем па групах лекі. Канешне, шматгадовы вопыт дапамагае.
– А якія лекі больш запатрабаваны ў насельніцтва?
– Так адназначна сказаць немагчыма. Купляюць усё ў залежнасці ад патрэбы. Зараз канкрэтна больш запытваюць лекі ад прастудных захворванняў. Часцей цікавяць сродкі ад ціску, ад сардэчна-сасудзістых захворванняў, ад звычайнага галаўнога болю.
– Ці можна казаць пра дэфіцыт пэўных прэпаратаў у продажы?
Безумоўна не, нават калі запатрабаванай назвы няма зараз у продажы, мы заўсёды можам прапанаваць аналагічны або аформіць заказ. У кароткі тэрмін даставяць і мы адразу патэлефануем. Хочацца адзначыць вартасць лекаў беларускай вытворчасці. Яны нічым не саступаюць замежным, а па кошту ў разы танней.
– Як Вам працуецца, ці ўзнікалі думкі аб змене работы?
– Ні разу, – рашуча адказала Таццяна Уладзіміраўна і дадала ўсміхаючыся: – Ад дабра дабра не шукаюць. У нас створаны ўсе ўмовы для камфортнай працоўнай дзейнасці. Цудоўны калектыў на чале з Надзеяй Васільеўнай Самульцавай заўсёды падтрымлівае. Ды і ўвогуле, я люблю сваю работу, без перабольшвання. Адчуванне сваёй неабходнасці акрыляе, прыемна, калі твае парады, падказка некаму дапамаглі.
Мы не чараўнікі, але ж хочацца, каб людзі менш балелі. Усё ж, калі раптам узнікне патрэба, фармацэўт заўсёды вам дапаможа.
Валянціна ПРЫШЧЭПАВА