21.12.2024
Новости Общество

В деревне Пристои отпраздновали день деревни

  • 24 сентября, 2024
  • 1 min read
В деревне Пристои отпраздновали день деревни

Дзень вёскі – не проста свята, а даўняя цудоўная традыцыя. Гэта заўсёды добрая і светлая падзея для вялікай сям’і аднавяскоўцаў, якія ведаюць адно пра аднаго бадай усё.

Такое свята прайшло ў мінулую суботу ў вёсцы Прыстоі. Яно было арганізавана па ініцыятыве старэйшыны вёскі Аляксандра Корбана. Трэба адзначыць, што на свята сабраліся не толькі мясцовыя жыхары, сюды завіталі і выхадцы з гэтых мясцін: былі госці з Расіі, Казахстана, Чашніччыны. Надвор’е ў гэты дзень спрыяла цудоўнаму настрою. Мерапрыемства было арганізавана на свежым паветры.

Свята распачалося адкрыццём банэра, на якім размешчана інфармацыя аб тым, якія былі Прыстоі ў мінулым і якія яны сталі зараз. Трэба адзначыць, што раней у вёсцы пражывала амаль 300 жыхароў, а зараз, на жаль, налічваецца каля 15 чалавек.

Усе добрыя словы ў гэты дзень былі прысвечаны роднай вёсачцы і яе жыхарам.

Па традыцыі далей прайшлі ўшанаванні. Быў выбраны чалавек года вёскі Прыстоі – Міхаіл Леанідавіч Крэль. Віталі ў гэты дзень і старэйшую жыхарку – Марыю Герасімаўну Кір’янаву. Потым падарункамі, якія спатрэбяцца ў любой гаспадарцы, адзначылі лепшыя падворкі. Без увагі не пакінулі нікога. Быў узнагароджаны і мясцовы сельвыканкам.

Усе добрыя словы, сказаныя ў гонар жыхароў, змяняліся прыгожымі спевамі, падрыхтаванымі калектывам гарадскога Дома культуры мікрараёна папяровай фабрыкі.

Асаблівым было выступленне былой жыхаркі Наталлі Уладзіміраўны Залескай: яна падрабязна і цікава расказала пра мінулае роднай вёскі, а потым цудоўна праспявала дзве песні акапэльна.

Ніводзін удзельнік свята не застаўся абыякавым, усе пажадалі і надалей працягваць гэту цудоўную традыцыю – свята вёскі. Старшыня Іванскага сельвыканкама, Людміла Марозава, шчыра паабяцала садзейнічаць гэтай добрай справе.

Такое вось яно жыццё на вёсцы – усё па-простаму, па-свойску, па-асабліваму…


Валянціна ПРЫШЧЭПАВА

Поделиться в: