30.12.2024
Новости Общество

Рассказываем про знаменитого земляка Чашникского района Р. Релеса

  • 8 сентября, 2024
  • 1 min read
Рассказываем про знаменитого земляка Чашникского района Р. Релеса

Наша малая радзіма ў хуткім часе будзе адзначаць чарговую гадавіну: 100 год са дня заснавання раёна і 520-годдзе горада. Чашнікі маюць даволі багатую гісторыю, а гісторыю ж, як вядома, ствараюць людзі, якія жылі і працавалі на карысць сваёй малой радзімы.

Можна доўга пералічваць імёны тых, хто ўслаўляў Чашніцкую зямлю, але сёння асабліва хочацца звярнуцца да асобы Рыгора Рэлеса, імя якога вядома далёка за межамі Беларусі, але, на жаль, не ўсім на Радзіме.

Кожны свядомы чашнічанін, якому цікавая гісторыя роднага краю,ведае, што Чашнікі – былое яўрэйскае мястэчка. Хутчэй за ўсё невядомасць Рыгора Рэлеса вытлумачваецца тым, што ён быў пераважна яўрэйскім пісьменнікам і пісаў на ідыш. Рэлес належаў да адной з самых шматпакутных нацый. Першая палова XX ст. стала глыбокай мяжой для яўрэйскіх пісьменнікаў, для яўрэйскай культуры. Наш Рыгор Рэлес прайшоў праз гэтыя пякельныя колы. Ён пісаў вершы і прозу на беларускай мове і ідышы, быў знаёмы з Купалам, Коласам, Бядулем, Маўрам, Броўкам, Куляшовым…

Радзіма Рэлеса – наш ціхі маленькі гарадок Чашнікі. Нарадзіўся будучы пісьменнік 23 красавіка
1913 года, тады наш горад меў статус мястэчка Лепельскага павета. Сам паэт сведчыў, што ў Чашніках жыў у Віленскім завулку (так да вайны называўся Паркавы завулак). Вядома, што бацька, Лейба Рэлес, прыехаў у нашыя мясціны з Вільні, быў навукоўцам, адукаваным чалавекам. У Чашніках ён ажаніўся, у сям’і нарадзілася 4 дзяцей. Бацька працаваў хатнім настаўнікам – меламедам: навучаў дзяцей малітвам, чытанню, пісьму на роднай мове. Вельмі цікавіўся беларускай культурай. Сыну на ўсё жыццё параіў: «Пішы на роднай мове. Толькі тады патрэбныя словы знойдуцца».

Рыгор Львовіч надрукаваў больш за два дзясяткі кніг на ідыш. Але асаблівай увагі і пашаны заслугоўваяго даследчая праца па знаўленні ў мастацкай літаратуры добрай памяці пра яўрэйскіх пісьменнікаў, рэпрэсіраваных у 30-я гады, а таксама тых, хто загінуўшых на франтах ВАв. Варта адзначыць, што Рыгор Рэлес быў апошнім паэтам у Беларусі, для якога яўрэйская мова была роднай.

Лёс не быў літасцівы да будучага пісьменніка: ён ледзь не стаў ахвярай Халакосту, пякучым болем апаліла яго душу вестка аб расправе над амаль 2 тысячамі яўрэяў Чашнік у лютым 1942 года. Нашы землякі не паспелі эвакуіравацца з роднага мястэчка. Сярод іх было шмат сваякоў Рыгора Рэлеса. Іх памяці быў прысвечаны верш «Дом». Рыгор Рэлес не страціў пачуцця чалавечнасці, праўдзівасці, чысціні душы, ён пры любых абставінах перажываў за свой народ, як вынік – з’яўленне твора пад сімвалічнай назвай «Пад мірным небам», ідэя якога актуальная асабліва сёння. Былі ў Р.Рэлеса і творы на беларускай мове, гэта творы пра нашу маленькую радзіму – Чашнікі. Толькі чалавек па-сапраўднаму ўлюбёны ў родныя мясціны, мог напісаць такія пранікнёныя радкі:
Дораць успаміны мне неспадзяванку:
Ніцую рабіну над ракой Ульянкай.
Як наяве чую спеў маей старонкі
Музыку жывую струн-галінак тонкіх…
(з верша «Каля плакучай вярбы»).

Трэба адзначыць, што перакладам твораў Рыгора Рэлеса з 60-х гадоў займаўся знакаміты беларускі паэт Рыгор Барадулін, яны, дарэчы, былі сябрамі.

Пра наш горад паэтам напісана нямала твораў. Творчасць Рыгора Рэлеса – гэта своеасаблівы дарунак нябёсаў для нас, чашнічан. Большасць твораў пісьменніка мае рэальны фундамент, яны, як кажуць, з жыцця. Гэта і захапляе. Найбольш вядомая яго кніга «У краі светлых бяроз». У кнігу ўвайшлі апавяданні, навелы, аповесць і п’еса.

Своеасаблівым адкрыццём для кожнага стане аповесць «Над ракой Ульянкай», якая адлюстроўвае дзяцінства і юнацтва аўтара ад пачатку грамадзянскай вайны да Вялікай Айчыннай вайны. Дзеянне ў якой якраз адбываецца ў мястэчку Чашнікі. Згадзіцеся, заўсёды прыемна чытаць пра свой родны куток.

Свята роднага горада – добрая нагода яшчэ раз пагартаць старонкі твораў выдатнага земляка, каб яшчэ раз прайсціся па гістарычных сцяжынках свайго роднага краю. І было б цудоўна, каб кожны з нас, чашнічан, ды і не толькі, павучыўся ў Рыгора Рэлеса быць больш уважлівым да тых, хто побач, стаў больш цікаўным да лёсу сваіх землякоў, каб пад час размовы пра сваю гісторыю імя славутага земляка стала тым маяком, які не дазволіць збіцца з абранага гістарычнага шляху.


Валянціна ПРЫШЧЭПАВА

Поделиться в: