Стары фотаздымак Вяцерскай сярэдняй школы захаваўся ў асабістым архіве мясцовага краязнаўцы Тамары Хадасевіч. У 1976 годзе жанчына скончыла ўстанову, а затым больш за 30 год адпрацавала тут выкладчыкам. Тамара Аркадзьеўна падзялілася з карэспандэнтам гісторыяй з’яўлення установы адукацыі ў Вяцеры.
Вялікі ўзгорак паміж вёскамі Вяцера, Гразіна і Горы на беразе штучнага Іванава возера патанае ў зеляніне. Ён з’яўляецца дамінантай навакольных тэрыторый, прыцягваючы позіркі кожнага, хто бывае ў гэтых маляўнічых мясцінах.
Першыя згадкі пра Вяцера сустракаюцца ў летапісе князёў Лукомскіх і Шчыдуцкіх у 1563 годзе. Паводле падання, менавіта на школьнай горцы размяшчаўся фальварак пана Гразко. У пана было шмат зямлi.Ён аддавау яе у арэнду.У падножжы гары знаходзiлiся прыгонныя вёскi. Адну з iх і назвалi Гразiнам (па прозвiшчу пана), а суседнюю – Мялешкаўскае Вяцера.
У 19-м стагоддзі на месцы былога маёнтка была пабудавана праваслаўная царква. А ў 1927 годзе побач з храмам, у прыстасаваных для гэтага дамах пачала работу Вяцерская няпоўная сярэдняя школа. У 1935 годзе тут адбыўся першы выпуск навучэнцаў. З архіўнай фатаграфіі, якая дайшла да нас, побач з настаўнікамі, стаяць сур’ёзныя, не па гадах дарослыя, юнакі і дзяўчаты. Іх школьныя гады былі няпростымі: завяршылася грамадзянская вайна, ішла індустрыялізацыя, ствараліся калгасы. Дзецi ў вольны ад вучобы час нароўні з бацькамі працавалі на фермах і палетках.
Ужо праз шэсць гадоў выхаванцаў школы, як і ўвесь беларускі народ, чакала новае страшнае выпрабаванне – Вялікая Айчынная вайна. На працягу трох гадоў акупацыі вучоба не вялася. Урокі аднавілі адразу пасля вызвалення раёна. Будынкі школы і размешчанай побач царквы, у 30-х пераабсталяванай пад сельскі клуб, былі на той момант цалкам разбураныя. На працягу 15 гадоў з 1944 года заняткі з вучнямі праходзілі ў чатырох хатах у вёсках Гразіна і Горы.
У савецкі час установа адукацыі перажыла сапраўдны росквіт. Школа стала сярэдняй. У 1958-м быў узведзены будынак, якi iснуе i дагэтуль. На месцы былога храма стварылі памяшканне інтэрната, дзе заставаліся на начлег у моцныя маразы дзеці з суседніх вёсак. Побач разбілі сад, узвялі майстэрню.
У гэты перыяд школа дала пуцёўку ў жыццё шматлікім вядомым у Беларусі людзям. У яе сценах спасцігалі азы навукі старшыня Вярхоўнага Савета БССР Мікалай Дземянцей, вядомы беларускі хірург Уладзімір Несцераў і выдатнік асветы Беларусі Тамара Шлык. Установа выпусціла ў вялікi свет 43 будучыя настаўнікі, 23 лекары, 8 архітэктараў.
У 2008-м Вяцерская школа правяла для хлопчыкаў і дзяўчынак апошні выпускны.
Крыху пазней комплекс будынкаў былой школы пераабсталюць пад аграсядзібу. Сёння былыя школьныя вароты сустракаюць кожнага надпісам “Праход забаронены. Прыватная ўласнасць”. Праўда, як адзначае рэклама сядзібы, яе дзверы заўсёды адчыненыя для гасцей, якія жадаюць адпачыць на ўлонні прыроды.
Знаходзячыся тут, адчуваеш змешаныя пачуцці, дзе радасць ад таго, што былы храм навукі не закінуты, спалучаецца з сумам аб слаўным мінулым гэтага значнага для гісторыі раёна месца.
Андрэй Шыдлоўскі