Сярэднявечныя рыцары і дамы на вуліцы райцэнтра, дзівосныя ўборы і атмасфера старажытнага беларускага кірмашу: у Чашніках прайшоў раённы фестываль, прысвечаны славутаму земляку Васілю Цяпінскому.
Расказваем пра асноўныя акцэнты свята.
Гасціннасць стала візітнай карткай Чашніччыны. Падворкі сельсаветаў, размешчаныя на плошчы перад Чашніцкім раённым цэнтрам культуры, прапанавалі ўдзельнікам фестывалю знаёмства з вырабамі народных умельцаў. Тут таксама можна было пачуць прыпеўкі і жарты, пачаставацца стравамі беларускай кухні. І ўсё гэта прапаноўвалася шчыра, з запалам і ад душы.
Яркімі фарбамі напоўнілі горад удзельнікі касцюміраванага шэсця: дамы ў сярэднявечных уборах, сялянкі, рыцары і сам знакаміты асветнік, які выдаў Евангелле ў далёкім 16-м стагоддзі. Пераўвасабленне было маляўнічым, а паглыбленне ў эпоху натуральным. Атмасферу Сярэднявечча дапамаглі стварыць удзельнікі аршанскага клуба гістарычнай, ролевай рэканструкцыі і настольных гульняў «Ростань». Тэатралізаваны паказ на сцэнічнай пляцоўцы перад домам культуры, калі адважныя рыцары на мячах змагаліся за прыхільнасць дамы сэрца, – усё гэта было настолькі цудоўна, наколькі і рэалістычна. У атмасферу прыгожага акунуліся гледачы падчас конкурсаў на лепшыя сукенку і капялюш, дзе нашы зямлячкі прадставілі самастойна вырабленыя ўборы. І той, хто гэта бачыў, мог пераканацца: беларускім майстрыцам пазайздросцяць любыя заморскія куцюр’е.
Таленавітыя людзі жылі на нашай зямлі не толькі ў далёкія стагоддзі. Сучаснікі не менш таленавітыя. Сустрэча з зямлячкай Васіля Цяпінскага, ураджэнкай раёна Вольгай Булай стала знакавай падзеяй свята. Сёння яна артыстка Маладзёжнага тэатра эстрады, педагог, лаўрэат міжнародных конкурсаў, уладальнік цудоўнага голасу і яркага таленту. А калісьці на папутках і рэйсавых аўтобусах дабіралася з Цяпіна да музычнай школы, упарта і настойліва дамагаючыся пастаўленай мэты – стаць артысткай эстрады, спявачкай. Яна дабілася свайго, але захавала шчырасць, адкрытасць і любоў да малой Радзімы. У дыялогавай пляцоўцы разам з Вольгай прынялі ўдзел актрысы і тэлевядучыя сёстры Аляксандра і Валянціна Груздзевы. Прысутныя змаглі задаць зорным гасцям пытанні, а таксама патанчыць пад кампазіцыі, якія прагучалі ў выкананні спявачак.
Не засталося свята і без выступленняў мясцовых талентаў: свае нумары гледачам падарылі калектывы Чашніцкай, Новалукомльскай школ мастацтваў, удзельнікі фальклорных гуртоў, сольныя выканаўцы.
Віртуознае майстэрства – гэта асаблівая тэма для размовы. Безумоўна, усе артысты, якія выступілі на свяце, выключна таленавітыя. Але сапраўдным адкрыццём для чашнічан стаў канцэрт лаўрэата міжнародных конкурсаў, цымбалісткі Ганны Шаркоўскай з Лепеля. Як справядліва адзначыла вядучая, гледачы чакалі класічнай народнай музыкі. Але з першымі акордамі стала зразумела: гэта выступленне – сапраўдны выбух эмоцый. Тое, што на нацыянальным інструменце могуць так прагучаць «Modern Talking», песні Віктара Цоя ці гурта «Король и Шут», а таксама мноства іншых кампазіцый, сапраўды ўражвае. Па-майстэрску валодаючы не толькі інструментам, але і настроем аўдыторыі, Ганна стварыла сапраўдны фурор, які феерверкам эмоцый завяршыў яскравы фестывальны дзень. Свята, прысвечанае памяці вялікага асветніка Беларусі, пачалося сярэднявечным шэсцем, а завяршылася сучаснымі акордамі на традыцыйных цымбалах, бачна выяўляючы пераемнасць культуры, нязменнасць у імкненні людзей ва ўсе часы да творчасці і прыгажосці. Яркімі фарбамі расквеціла яно пачатак чашніцкага лета.
Андрей Шидловский