Праект «Бацькаўшчына» працягваецца, і сёння мы раскажам вам пра храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца
За тры кіламетры ад Чашнік уздоўж ракі Улы раскінулася вёсачка Браздзецкая Слабада. Калісьці цэнтрам прыцягнення тут быў храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца.
Пабудаваны ў другой палове XIX стагоддзя на маляўнічым прыбярэжным лузе, ён і сёння, нават у паўразбураным стане, вабіць погляд сваёй ціхай прыгажосцю. Калі знаходзішся побач, адчуваеш, што гэта асаблівае месца. Месца сілы і супакаення.
Едзеш па цэнтральнай вуліцы і нечакана сярод дахаў дамоў і галін прыдарожных вербаў сустракаеш будынак царквы. І … гняздо буслоў на месцы былой макаўкі царкоўнай званіцы. Як быццам птушкі знарок выбралі для свайго будаўніцтва храм, каб і людзям паказаць прыклад стварэння. Дарэчы, бусел на Беларусі спрадвеку — свяшчэнная птушка, сувязное звяно паміж небам і зямлёй, сімвал чысціні і адраджэння. Хочацца верыць, што і людзі калісьці адновяць Божы храм, у будаўніцтва якога ўклалі сваю душу ды працу іх далёкія продкі.
Храм парадкам пацярпеў за час вайны і ў наступныя гады, калі ён выкарыстоўваўся мясцовым калгасам пад склад угнаенняў. Да нашых дзён захаваліся толькі сцены, барабан цэнтральнага купала і званіца. Аднак і яны даюць уяўленне пра былую веліч будынка, узведзенага, паводле архіўных дадзеных, каля 1858 года ў стылі позняга класіцызму. Мяркуючы па падабенстве аблічча храма з архітэктурным рашэннем Спаса-Праабражэнскай царквы ў Чашніках, а таксама супастаўляючы гады іх пабудовы, можна гаварыць, што будаўніцтва Свята-Мікольскай царквы арганізаваў той жа чалавек – вядомы мецэнат Ігнат Валадковіч.
Царква Свяціцеля Мікалая дзейнічала да 1929-1930 гадоў. Потым была зачынена, а апошні яе настаяцель – святар Васіль Вайткевіч, які праслужыў у ёй з 1901 года, — быў пераведзены ў с. Мар
цінава Лепельскага павета. Да рэвалюцыі акрамя выканання абавязкаў святара бацюшка выкладаў у вучылішчы Міністэрства народнай асветы, якое знаходзілася непадалёк ад храма. Будынак вучылішча не захаваўся да нашых дзён, затое на вясковай вуліцы яшчэ і сёння стаіць хата, дзе жыў са сваёй сям’ёй айцец Васіль.
Усё менш застаецца лю- дзей, якія з расказаў дзядоў і бабуль памятаюць пра часы, калі гучалі званы Свята-Мікольскай царквы і спяшаліся пад яе скляпенні на нядзельную службу святочна апранутыя сяляне. Але заўсёды прыцягвала царква дзетак, была ўлюбёным месцам іх гульняў ды пошуку скарбаў. Мясцовыя жыхары распавядаюць, што яшчэ ў савецкія часы некаторыя спрабавалі раскопваць зямлю на тэрыторыі царквы, але знайшлі пры гэтым рэшткі людзей, пахаваных пад храмам, пасля чаго раскопкі спынілі.
Аднак нават і сёння людзі не забываюцца пра былую царкву, прыбіраюць тэрыторыю вакол яе. Штогод, 21 мая, на дзень памяці Свяціцеля Мікалая, да прысвечанага яму храма з Чашнік здзяйсняецца Хросны ход, на месцы служыцца малебен.
Калі паглядзець на храм з процілеглага боку ракі, то здаецца, што гэта – белы карабель, які плыве па хвалях часу ўздоўж старажытных берагоў Улы. Ён нясе нам пасланне ад нашых прадзедаў: як дрэва моцнае сваімі каранямі, так памяццю аб мінулым жыве народ.
Андрэй Шыдлоўскі