У рамках праекта «Бацькаўшчына» мы працягваем расказваць вам пра знакавыя мясціны нашага раёна і сёння знаёмім з гісторыяй Іванскага палаца, своеасаблівым культурна- гістарычным цэнтрам Чашніччыны таго перыяду.
З канца XVIII ст. Іванск і навакольныя вёскі набыў крайчы Менскага ваяводства Тадэвуш Валадковіч. З гэтага часу і да Кастрычніцкай рэвалюцыі Чашніччына стала месцам пастаяннага пражывання адной з галін гэтага роду, прадстаўнікі якой сваёй рэзідэнцыяй зрабілі вышэйназваную вёску.
Як паведаміў нам кіраўнік гісторыка-краязнаўчага музея ДУА «Іванская ДССШ Чашніцкага раёна» Віктар Вільгельмавіч Грыбко, на мяжы XVIII-XIX ст. Валадковічы пабудавалі ў Іванску аднапавярховы асабняк. Ён меў план моцна выцягнутага прамавугольніка і стаяў на высокіх падвальных памяшканнях з квадратнымі вокнамі. На фасадзе будынка выдзяляліся два ідэнтычныя порцікі, кожны з якіх складаўся з чатырох калон. Крайнія з іх праз сценку злучаліся з фасадам. Порцікі завяршаліся трохкутнымі франтонамі з невялікімі акенцамі. Сціплыя сцены ўпрыгожвалі вялікія вокны, падзеленыя на восем квадратных частак. Гмах быў пакрыты гладкім двухскатным гонтавым дахам. У гэтым будынку Валадковічы жылі да канца XIX ст.
Далей яны побач са старым узвялі новы, вялікі двухпавярховы асабняк без стылю, умацаваны па кутках падпоркамі. Унутраная прастора будынка нагадвала манастыр. Новы асабняк узводзіўся галоўным чынам дзеля размяшчэння там калекцый і сямейных рэліквій. Іх збіралі некалькі пакаленняў, а найбольш – апошні ўладальнік Іванска Вінцэнт Валадковіч. Вялікая, падобная на трапезную, сталовая зала новага палаца была завешана сямейнымі партрэтамі. Сярод карцін, маляваных дамарослымі мастакамі, трапляліся і каштоўныя творы. Адна зала з прыстаўленымі да сцен дубовымі шафамі, сягаючымі да столі, прызначалася для бібліятэкі і сямейнага архіва. Своеасаблівай скарбніцай было месца, дзе захоўвалі галоўным чынам старое серабро (гербавыя падносы, кошыкі тонкай карункавай работы, падсвечнікі). На сценах вісела старажытная зброя, у тым ліку шаблі, аздобленыя срэбрам і золатам, упрыгожаныя рубінамі і іншымі каштоўнымі камянямі. У памяшканні размяшчаліся старасвецкі куфар, калекцыі слуцкіх паясоў, усходніх кілімаў, посуду, прывезенага з Францыі.
Адну з залаў прызначылі для зброі, сабранай пасля бітваў уладальнікамі маёнтка. На жаль, далейшы лёс архіва, бібліятэкі, музейных экспанатаў і іншага багацця пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі невядомы.
Побач з палацам быў пабудаваны флігель, дзе жыла абслуга і размяшчалася сталовая зала для работнікаў, якія працавалі ў Валадковічаў. Флігель гэты таксама быў двухпавярховы. Жыхары Іванска жылі ў ім да пачатку 70-х гадоў XX ст., потым перасяліліся ў новыя дамы, пабудаваныя калгасам.
Палац быў акружаны вялікім пейзажным паркам з газонамі, клумбамі кветак, ліпавымі алеямі і аранжарэяй, у якой разводзіліся «заморскія кветкі». Пасярод парка была альтанка, акружаная соснамі, дарожкі пасыпаны бітай цэглай чырвонага колеру. Шмат дрэў рознай пароды. А на ўскрайку парка, ля штучнай сажалкі, стаяла капліца. Побач з паркам знаходзіўся вялікі іпадром, на якім трэніравалі панскіх рысакоў. Насупраць палаца былі гаспадарчыя пабудовы: стайні, хлявы, гумно, кузня, лядоўня. Непадалеку размяшчаўся спіртзавод.
На жаль, да нашых дзён ад былога дагледжанага і маляўнічага палацава-паркавага ансамбля захаваўся толькі флігель, які паступова разбураецца, і парк, які зарастае і губляе сваё першапачатковае аблічча.
Ірына САЛАЎЁВА
Уважаемые работники и ветераны энергетической отрасли Чашникского района! Сердечно поздравляем вас с профессиональным праздником – Днем…
Сегодня, казалось бы, каждый владелец собак знает, что несет полную ответственность за своего питомца. Но…
Пожалуй, сегодня не встретишь ни одного приусадебного участка, где не растут хвойные деревья. В своем…
Як і абяцалі, вектар асвятлення работы супрацоўнікаў клуба змяняем. Яны, як вядома, асноўны рухавік жыцця…
А вы знали, что в Новолукомле есть ручные голуби? Во время командировки в город энергетиков…
Сохраняется динамика высоких темпов роста реальной заработной платы (113,0% в январе - октябре т.г.) и…