Восенню 1937 года ў БССР праходзіла кампанія па выбарах дэпутатаў у новы орган вышэйшай улады СССР — Вярхоўны Савет. Як і выбаршчыкі кожнай саюзнай рэспублікі, беларусы павінны былі абраць сярод суайчыннікаў самых лепшых і добрасумленных працаўнікоў, якія будуць на працягу чатырох гадоў займацца дзяржаўнымі справамі. Вялізны аб’ём гэтых спраў пералічваўся і замацоўваўся ў Асноўным законе 1936 года (артыкулах 14 і 49).
Калі я збірала матэрыялы аб тых выбарах, перад вачыма паўсталі падзабытыя вобразы нашых землякоў. Іх жывыя аповеды пра лёс і працу натхнілі мяне на стварэнне шэрагу біяграфій.
На жыццё кожнага чалавека моцна ўплывае гісторыя роднай зямлі. Таму біяграфіі дэпутатаў 30-х гадоў, адноўленыя мною са шматлікіх дакументальных і друкаваных урыўкаў, непасрэдным чынам звязаны з лёсам Радзімы, адлюстроўваюць яе развіццё. Не выключэнне і біяграфія вядомай тады жанчыны Елізаветы Ігнацьеўны Папковай, старшыні-стаханаўкі калгаса «Жэрына».
Е. І. Папкова нарадзілася ў сям’і беднякоў у 1909 годзе. Газета Чашніцкага раёна «Шлях сацыялізма» паведамляла: «У маляўнічым кутку Лепельшчыны на беразе вялікага глыбакаводнага возера Жэрына прытулілася невялікая, аднайменная назве возера вёска. У самай крайняй замшэлай хібарцы дажываў свае апошнія дні пастух, батрак і рыбак Ігнат Папкоў».
Прыгожая прырода паўночнай Беларусі, здаецца, прапаноўвала людзям радавацца жыццю. Але… Ішла першая сусветная вайна. Абодва сыны Ігната ваявалі недзе на захадзе, жонка нядаўна памерла. А аднойчы яшчэ прыйшлі «рэквізітары» і адабралі на карысць харчовага забеспячэння фронту апошнюю карову і прыхапілі з сабой сямігадовую Лізу ў якасці паганятага, бо, мабыць, у іх не хапала людзей. Вярнулася дзяўчынка дадому толькі праз два месяцы і ўжо круглай сіратой: хворага бацькі не было, заставалася толькі нявестка з двума дзяцьмі. Газета паведамляла далей: «У хаце было халодна і голадна… Бацька пакінуў ёй у спадчыну толькі свае вечныя мары аб зямлі».
Папковы мелі небагата зямлі. Нявестка паклікала на дапамогу знаёмых, і яны ўсе разам апрацоўвалі свой надзел. Але ўраджаю не хапала і да паловы зімы. Гэта пры тым, што хлеб пяклі напалову з лебядой. Каб не памерці з голаду ці не захварэць з-за адсутнасці лекаў, як гэта было з бацькамі, Папковым давялося ісці ў наймічкі да заможных гаспадароў, пазычаць у іх хлеб, а потым яго адпрацоўваць, бо аддаваць было нечым. Такія кароткія, але красамоўныя сведчанні з жыцця нашых продкаў даюць магчымасць уявіць сабе несправядлівасць грамадскіх устояў для большасці беларусаў.
Вывучаючы гісторыю беларускага сяла таго перыяду, я заўважыла, што для яго была вельмі характэрнай маёмасная няроўнасць. Гэта прысутнічала і ў Жэрыне. Так, сямі гаспадаркам двух родаў Кажарскіх і Мікульскіх належалі больш за 500 га самай лепшай урадлівай зямлі, 200 га лесу і нават Жэрынскае возера. Зямельнай плошчы ў іх было ў 3 разы больш, чым ва ўсіх 33-х гаспадарках беднякоў і сераднякоў вёскі разам узятых. Нават серадняк не меў болей за 7 га зямлі на адну гаспадарку, сюды ж ўваходзіла і зямля, якая нічога не давала. Мікульскія ж і Кажарскія не маглі сваімі сіламі ўпраўляцца на вялікім абшары асабістых уладанняў — на іх батрачыла ўся вёска.
Пасля грамадзянскай вайны вярнуліся дамоў браты Папковы — Барыс і Нікіфар. Яны пабудавалі лепшую хату, але ў матэрыяльным плане ўсё заставалася па-ранейшаму: працавалі ў кулакоў, а Барыс пасвіў кулацкую жывёлу. У аналагічным становішчы была і большая частка жыхароў вёскі. 43-гадовы калгаснік Апанас Папкоў успамінаў у 1937 годзе пра былыя часы: калі конь зойдзе на панскую пашу — гаспадару каня трэба цэлы тыдзень за гэта адпрацоўваць. І колькі б разоў ні здымаў шапку і ні прасіў пана пашкадаваць — літасці не дачакаешся.
Нарэшце ў 1929 годзе 11 бядняцкіх гаспадарак заснавалі калгас «Жэрына». Сярод іх была і сям’я Папковых. З гэтага моманту закруцілася жыццё Елізаветы Ігнацьеўны ў віхуры падзей. У 1930-м кіраўніцтва калгаса накіроўвае яе на трохмесячныя курсы загадчыц ясляў. А пасля іх заканчэння яна на працягу амаль двух гадоў клапатліва даглядае малых дзяцей. Потым Е. Папкова працуе звычайнай калгасніцай яшчэ два гады. Чашніцкая раённая газета пісала: «Многа энергіі, настойлівасці і цярпімасці праяўляе яна, каб зрабіць гаспадарку калгаса яшчэ больш багатай. Працавітасць, сумленнасць, сціпласць і клопаты пра калгаснікаў, іх маёмасць — вось характэрныя рысы Папковай». Яна дбала аб калектыўнай гаспадарцы, быццам аб сваёй асабістай. Усе гэтыя каштоўныя якасці абумовілі рашэнне агульнага сходу калгаснікаў вясной 1934 года вылучыць Е. І. Папкову адказнай па льну. І як вынік — у «Жэрыне» самы высокі ў Чашніцкім раёне ўраджай. Але тут таксама не абышлося без прафесійнай вучобы: перад вылучэннем на новую пасаду Е. Папкова скончыла двухтыднёвыя курсы льнаводак. У 1935 г. працавітая калгасніца ўжо звеннявая. Яна ўспамінала: «За ўдарную работу наша звяно прэміравалі некалькі разоў і не толькі ў калгасе ці сельсавеце, а нават у раёне і акрузе. Мы ездзілі дапамагаць у адстаючыя калгасы Дварэцкага сельсавета. Быў выпадак, калі ў вёсцы Іканкі нам у першыя дні знарок давалі хужэйшы лён, каб скампраметаваць як-небудзь. Але мы не падкачалі, натрэплівалі па 12 кілаграмаў і больш дабраякаснага льновалакна за дзень, а іх калгасніцы з лепшай ільнотрасты давалі толькі 3-4 кіло валакна».
Дапамога тым, хто адстае ў працы, — характэрная рыса адносін паміж працаўнікамі таго часу. Мясцовае і партыйнае кіраўніцтва заахвочвала такія адносіны на прадпрыемствах і ў гаспадарках, бо яны вучылі ўзаемадзейнічаць з самымі рознымі людзьмі і адначасова аб’ядноў-валі працаўнікоў агульнай мэтай — добра працаваць. Не зрабіць у тэрмін план і падвесці краіну ў 30-я гады было вельмі сорамна.
У 1935 г. Е. Папкову прызначаюць брыгадзірам паляводчай брыгады. І новы вынік стаханаўскіх метадаў працы: брыгада атрымлівае добры ўраджай і першай у Лепельскай акрузе разлічваецца па ўсіх пастаўках з дзяржавай. Елізавету Ігнацьеўну з гонарам зноў прэміруюць.
У снежні 1936 года маладая стаханаўка едзе ў Віцебск на трохмесячныя курсы старшынь калгасаў. Яна прызнавалася потым: «Цяжкавата было вучыцца, бо мая адукацыя ўсяго на ўсяго — 3 групы пачатковай школы. Аднак упарта работала над сабой, таму курсы скончыла на добра». У сакавіку 1937 г. калгаснікі аднагалосна выбіраюць яе старшынёй. І вось новыя поспехі: план здачы льнотрасты калгаса «Жэрына» выконваецца на 180%, а частка з мясапаставак залічваецца ўжо на 1938 год. Надышла восень 1937-га. 11 лістапада камісія Лепельскай выбарчай акругі па выбарах у вышэйшую палату Вярхоўнага Савета СССР — Савет Саюза — выдала пастанову аб зарэгістраванні Елізаветы Ігнацьеўны Папковай кандыдатам у дэпутаты. На гэтую дзяржаўную пасаду яе прапанавалі шматлікія сходы розных фабрык, калгасаў, вайсковых часцей прыгранічнага краю і інш. Іх поўны пералік заняў бы цэлы ліст. Усюды чулі пра добрасумленную працу калгасніцы-стаханаўкі і палічылі яе годнай да пасады дэпутата вялікай краіны.Елізавета Ігнацьеўна вельмі хвалявалася, яна не чакала такога павароту ў сваім лёсе. Кандыдат паехала на шэраг сустрэч з выбаршчыкамі. На перадвыбарчым мітынгу Чашніцкага нацсавета яна гаварыла:
— Таварышы выбаршчыкі! Я шчасліва жыць і тварыць у эпоху савецкай улады, калі Сталінская Канстытуцыя пражэктарам асвяціла нам шлях да заможнага і культурнага жыцця. Прадаставіла ўсім правы на працу, асвету, адпачынак. Нідзе, ні ў адной краіне свету працоўныя не маюць такіх правоў. Не мелі і мы іх ў царскай Расіі. Вазьму, напрыклад, саму сябе. Застаўшыся ў 7 год без бацькі, я вымушана была ісці служыць, каб зарабіць кавалак чэрствага хлеба. Маё дзяцінства і маладыя гады згарэлі ў кулакоў Мікульскіх і Кажарскіх.
А раённая газета аднойчы надрукавала дасланы ёю ліст. Будучы дэпутат быццам спяшаецца засведчыць вялікія перамены ў жыцці сваіх сучаснікаў. «Зірніце цяпер навокал! Расцвіла ўся сацыялістычная радзіма. Культурна і заможна зажылі калгаснікі».
Сапраўды, вёску Жэрына было ўжо не пазнаць. Праз год існавання калгаса ў яго склад увайшлі ўсе жэрынскія сялянскія гаспадаркі. Паступова за ім замацавалі некалькі соцен га зямлі, лесу, лугоў. І кіраўніцтва не магло дапусціць, каб сяляне заставаліся цёмнымі, дрэнна жылі. У 30-я гады калгасы сталі цэнтрамі культуры беларускага сяла. Некалі ў Жэрыне і думаць не маглі пра школу, да заможных гаспадароў прыязджалі платныя настаўнікі з мястэчка ці горада. У 1937 годзе тут працавала двухкамплектная школа з 35 вучнямі, а старэйшыя школьнікі з вёскі вучыліся ў сярэдняй школе Чашнік. Юнакі і дзяўчаты паступалі ў тэхнікумы і інстытуты. Палова жыхароў пабудавалі сабе новыя дамы, колькасць якіх з кожным годам расла. Вясковыя дарогі акуратна пасыпалі гравіем, выкапалі канавы для сцёку вады і бруду, і вуліцы сталі чыстымі. Пабудавалі лазню з трыма аддзяленнямі, іншыя будынкі бытавога і сацыяльна-культурнага прызначэння. Новае жыццё прыносіла людзям радасць. Яны ўпэўнена і смела глядзелі ў будучыню.
17 снежня, у дзень усесаюзных выбараў, Е. І. Папкова была абрана дэпутатам у Савет Саюза.
Вольга РУСАКОВІЧ,
даследчыца, г. Мінск.
Уважаемые работники и ветераны энергетической отрасли Чашникского района! Сердечно поздравляем вас с профессиональным праздником – Днем…
Сегодня, казалось бы, каждый владелец собак знает, что несет полную ответственность за своего питомца. Но…
Пожалуй, сегодня не встретишь ни одного приусадебного участка, где не растут хвойные деревья. В своем…
Як і абяцалі, вектар асвятлення работы супрацоўнікаў клуба змяняем. Яны, як вядома, асноўны рухавік жыцця…
А вы знали, что в Новолукомле есть ручные голуби? Во время командировки в город энергетиков…
Сохраняется динамика высоких темпов роста реальной заработной платы (113,0% в январе - октябре т.г.) и…