Вучань 9 класа СШ №2 г. Новалукомль Ягор Васілеўскі і кіраўнік народнага фальклорнага калектыву «Кругліца» Тамара Хадасевіч сталі прызёрамі рэспубліканскага конкурсу творчых работ, прысвечаных Году народнага адзінства.
Мерапрыемства праходзіла пад эгідай Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На суд журы было прадстаўлена каля 1500 твораў розных жанраў. З іх прыкладна 45% былі заяўлены ў намінацыі «Вершы і апавяданні пра свой край», у якой юнак з горада энергетыкаў атрымаў дыплом ІІІ ступені. Культработнік з Кругліцы – дыплом ІІ ступені ў намінацыі «Мова маёй зямлі». Увогуле, пераможцамі сталі больш за дзве сотні чалавек, прадстаўнікоў розных прафесій і ўзростаў.
Школьнік у творчым спаборніцтве ўдзельнічаў з вершам «Мой родны край». У ім хлопец называе Беларусь «родным гняздзечкам», «светлай Айчынай», «раем». Лічыць, што «толькі на Радзіме ты шчаслівы, дзе бяжыць ручай той гаманлівы». Ягор сцвярджае: «чалавек бярэ натхненне ў родных берагоў». Усе шэсць слупкоў верша – прызнанне ў бясконцай і бязмежнай любові да сваёй краіны.
На цырымоніі, што адбылася ў канферэнц-зале НАН, аўтар прысутнічаў разам з маці, настаўніцай пачатковых класаў новалукомльскай сярэдняй школы №2 Аксанай Мікалаеўнай Васілеўскай. Менавіта яна з’яўлялася куратарам паэтычнай працы дзевяцікласніка. Трэба адзначыць, што раней дадзены верш Ягора Васілеўскага нідзе не публікавалі, і ён быў складзены спецыяльна для конкурсу.
Поспехі ў вершаскладанні вучань дэманстраваў і раней. Неаднаразова займаў прызавыя месцы сярод паэтаў-школьнікаў на раённым узроўні.
Творцаў, якія прыехалі ў НАН за ўзнагародамі, павіншаваў старшыня Прэзідыума ўстановы Уладзімір Гусакоў. У сваім звароце да прысутных ён акцэнтаваў увагу на тым, што конкурс адбыўся ўпершыню і быў накіраваны на ўмацаванне кансалідацыі беларускага грамадства і нацыянальнага адзінства, фарміраванне пачуцця гонару за гераічнае мінулае, падтрымку таленавітых творчых людзей, папулярызацыю гісторыі і культуры Беларусі.
Пераможцам і прызёрам былі ўручаны дыпломы і каштоўныя падарункі.
Аўтар даследавання тапонімаў і мікратапонімаў малой разімы «Зямля мая, ты для мяне – як дзіва» Т.А. Хадасевіч не змагла пабываць на ўрачыстасці. Узнагароду паабяцалі адправіць поштай.
Пошуковую дзейнасць Тамара Аркадз’еўна пачала яшчэ ў 2002 годзе, калі быў рэарганізаваны калгас «Мір». Падчас адной з сустрэч зямляк, аграном вышэйназванай гаспадаркі, падарыў настаўніцы Грынькаўской сярэдняй школы, кіраўніку краязнаўчага гуртка карту калгасных сельгасугоддзяў. Спачатку даследчыца адзначыла на ёй сваю родную вёску Баркі, а затым астатнія населеныя пункты. Таксама Т. А. Хадасевіч запісвала і тлумачэнні назваў мясцін, легенды, паданні, звязаныя з іх паходжаннем, якія аўтарцы патлумачылі мясцовыя старажылы. Усе сабраныя тапонімы і мікратапонімы прывяла да пэўнай схемы і раздзяліла на трынаццаць раздзелаў. У працы можна знайсці, напрыклад, тлумачэнні назваў, утвораных ад імёнаў, прозвішчаў, мянушак, заняткаў жыхароў, ад назваў збудаванняў, панскіх маёнткаў, парод дрэў, глебы і інш. На думку краязнаўцы, яе праца будзе цікавай для сучаснай моладзі. Азнаёміцца з даследваннем можна ў музеі «Беларуская хатка», што створаны ў Кругліцкім СДК.
Варвара ЮРКЕВІЧ.