Сёння ў Віцебску вялікае свята. Менавіта абласны цэнтр у бягучым годзе стаў месцам правядзення абласных «Дажынак». У слаўны горад з’ехаліся шматлікія дэлегацыі з розных куткоў Прыдзвінскага краю. Чашніччына выключэннем не стала. Наш раён прадстаўляюць больш за шэсць дзясяткаў чалавек.
Па традыцыі на абласных «Дажынках» уручаецца шмат узнагарод. Ушаноўваюць лепшых хлебаробаў, працаўнікоў жывёлагадоўлі, спецыялістаў. Прыемна адзначыць, што сярод лаўрэатаў ёсць і нашы землякі. Свае ўзнагароды падчас свята атрымаюць механізатары ААТ «Проземле-Агра» Алег Шарлай (Ганаровую грамату Віцебскага абласного Савета дэпутатаў) і Уладзімір Жылінскі (Ганаровую грамату Віцебскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу).
Праграма «Дажынак» досыць разнастайная. Сельскія працаўнікі святкуюць і адначасова падводзяць вынікі чарговага сельскагаспадарчага сезона. Галоўны яго вынік для Чашніцкага раёна – больш за 28 тысяч тон намалочанага зерня. Наш агульны каравай прывабна выглядае ў маштабах вобласці.
Як не ўзгадаць камбайнёраў-тысячнікаў, якія ўнеслі найвялікшы ўклад. Гэта Сяргей Кацар з ААТ «Вядрэнскае-Агра» (намалот склаў 1573 тоны зерня), Мікалай Шасцітка («Проземле-Агра», 1228 т), Віктар Папко («Палац працы-Агра», 1160 т), Аляксандр Казлоў (КУСГП «Насенне», 1089 т) і Дзяніс Кароль («Проземле-Агра», 1007 т). Вялікая ім пашана!
Юрый АЛЕКСАНДРОВІЧ.