Каляды — адно з самых чароўных і прыгожых беларускіх свят. Да яго нашы продкі рыхтаваліся: прыбіралі ў хатах, па магчымасці набывалі новае адзенне, абавязкова мыліся і рэзалі кабанчыка. Каляды лічацца вясёлым святам, таму што ў гэты перыяд было прынята толькі гуляць і весяліцца, каб набрацца сілы на ўвесь будучы год.
Самае ж цікавае ў гэты час — калядаванне. У кожнай хаце з нецярплівасцю чакаюць калядоўшчыкаў, рыхтуюць для іх пачастункі, а тыя ў сваю чаргу ладзяць вясёлае прадстаўленне з песнямі, жартамі, пажаданнямі шчасця і дабрабыту гаспадарам, гульнямі. І ў нашым раёне гэта традыцыя працягвае існаваць. Калядуюць і дзеці, і дарослыя.
Так, у гэтым годзе 13 сту-дзеня народны фальклорны калектыў «Кругліца» наведаўся з абрадам калядавання «Добры вечар, шчодры вечар!» да жыхароў вёсак Кругліца і Труханавічы. Калядоўшчыкі вялі з сабой Казу, неслі калядную зорку, да іх далучылася і Цыганка. Удзельнікі калядавання спявалі, жадалі гаспадарам і іх блізкім дабрабыту, здароўя, шчасця і радасці. Вяскоўцы танчылі з Казой, затым ім было прапанавана пагуляць ў калядную гульню «Цот і лішак» на арэхі. А яшчэ калядоўшчыкі абсявалі двары зернем на добры ўраджай. Жыхары вёсак за гэта частавалі калядоўшчыкаў салодкімі пачастункамі і запрашалі прыходзіць да іх на свята ў наступным годзе.
Дырэктар Кругліцкага СДК і ўдзельнікі народнага фальклорнага калектыву «Кругліца» вельмі ўдзячны выконваючаму абавязкі старшыні Кругліцкага сельвыканкама А. М. Перхуровічу за дапамогу ў падвозе калядоўшчыкаў у в.Труханавічы.