– Жыхароў у нас нямного засталося, – у першую чаргу заўважыла пад час сустрэчы Людміла Паўлаўна. – Калісьці ў Кушняроўцы больш за трыццаць двароў налічвалася. Зараз жылых хат значна меней. Уся вёска наша – дзясятак чалавек. Большасць – пенсіянеры. Некаторым за восемдзесят.
Нават не памятае дакладна Людміла Доўгая, калі яе першы раз абралі старэйшынай. Гадоў дваццаць прайшло з той пары – не меней. Існаваў яшчэ Пачаевіцкі сельсавет. Да яго тэрыторыі і адносілася Кушняроўка. Быў калісьці на карце раёна і саўгас “Свабода” з цэнтрам у Гілях. З гадамі многае змянілася. Зараз вёска адносіцца да Новазаранскага сельсавета. Але ці так гэта прынцыпова?.. Галоўнае, каб людзі адчувалі клопат пра сябе. Па словах старэйшыны, мясцовая ўлада пра жыхароў Кушняроўкі не забывае.
– Старшыня сельвыканкама – часты госць у нас, – кажа Людміла Паўлаўна. – Сама яму тэлефаную, калі патрэбна дапамога. Бывае, што воданапорная вежа перастае функцыянаваць. Належыць яна ААТ “Проземле-Агра”. Кіраўніцтва гаспадаркі і старшыня сельвыканкама разам вырашаюць праблему. Вада ж у калонках павінна быць. Што яшчэ турбуе людзей? Дарогу цэнтральную адрамантавалі. Зараз праз вёску хоць каціся. Аўтамагазін два разы на тыдзень прыязджае. Камбайны на ўласных палетках пад час жніва былі. Фанары гараць. Жывём нармальна. Адзінае – у апошні час ліса на падворкі прыходзіць. На курэй паляванне ўчыняе. Не ведаем, як з ёй змагацца… (Мы тут жа параілі звярнуцца ў райветстанцыю па тэл. 6-06-67).
Людміла Доўгая нарадзілася ў Антаполллі. Пераехала, бо выйша замуж за мясцовага хлопца. Калісьці працавала ў саўгасе. Зараз шчыруе на свінагадоўчым комплексе. Спраў у аператара па вырошчванні свіней хапае. Аднак і ўласную гаспадарку разам з мужам трымаюць. Ёсць карова, куры. Коніка, праўда, збылі. Зямельку апрацоўваюць з дапамогай трактара. Працавітыя вяскоўцы, адным словам.
Яшчэ нельга не адзначыць, якую ўвагу надаюць гаспадары Доўгія пытанням добраўпарадкавання. Шмат туй высадзілі на прыдамавой тэрыторыі. І клумбы разбілі. Нават зараз, у міжсезонне, выглядае ўсё гэта надзвычай прывабна. Што ўжо казаць пра лета … Добры прыклад падае старэйшына іншым вяскоўцам.
– Люблю ствараць прыгажосць, – дзеліцца Людміла Паўлаўна. – І настрой ад гэтага лепшым становіцца.
Розныя бытавыя праблемы вырашае старэйшына. Людзі да яе заў-жды звяртаюцца. Нікому не адказвае. Робіць усё, што можа. Таму і паважаюць вяскоўцы сваю “начальніцу”. Колькі разоў ужо выбіралі. Людміла Доўгая быць старэйшынай не стамілася. Прызвычаілася яна за доўгія гады да грамадскай нагрузкі. Падабаецца ёй рабіць штосьці добрае і карыснае для людзей. Хіба не ў гэтым і ёсць сэнс жыцця?..
Юрый АЛЕКСАНДРОВІЧ.