96 гадоў жыве на белым свеце Зінаіда Сцяпанаўна Дубінец з вёскі Казаноўка. І дагэтуль не перастае працаваць. Маладзейшыя вяскоўцы назіраюць, як бабуля бульбу капае ці на градках завіхаецца, і знаходзяцца пад ураджаннем. Нават у рэдакцыю патэлефанавалі і папрасілі прыехаць у госці да працавітай суседкі.
Зінаіда Сцяпанаўна нас сустрэла на парозе ўласнай хаты і рукамі развяла:
— Што пра мяне пісаць? Я з маленства працавала. Па-іншаму ніколі не жыла. Пакуль дазваляе здароўе, буду шчыраваць на падворку.
Разам з бабуляй Зінай жыве яе дачка Ніна. Даглядае маці, дапамагае па гаспадарцы. Нядаўна выкапалі бульбу. Сотак дваццаць было — не меней. Добры ўраджай агародніны сабралі. Буракі, капуста, морква — зімаваць будзе с чым. Летам хапала і агуркоў, і памідораў. І ўсё робяць маці з дачкой уласнымі сіламі. Дапамогі не просяць.
— Курэй трымаем, астатнюю жыўнасць звялі, — заўважае Зінаіда Сцяпанаўна. — Быў час, калі і кароўка на падворку была, і свінні. Гаспадара майго даўно няма. А без мужчынскай рукі цяжка жывёлу гадаваць.
За сваё жыццё бабуля нагаравалася нямала. Родам са Свячы, што ў Бешанковіцкім раёне. Яшчэ да вайны пачала працаваць у калгасе. Потым прыйшлі немцы… Перажыла разам з вяскоўцамі страшны перыяд акупацыі. Не раз, прызнаецца, магла загінуць. І міна ўзрывалася побач з дзяўчынай, і на холадзе ледзь не акалела… Пра ваенныя гады не любіць успамінаць Зінаіда Сцяпанаўна. Бо адразу слёзы наварочваюцца.
А ў Казаноўцы яна аказалася па той прычыне, што выйшла замуж. Так і пераехала ў наш раён. Працавала, вядома ж, у сельскай гаспадарцы. Была рабочай на палявых работах, кароў на ферме даіла. Усё звычайна для тых часоў. Вырасцілі з мужам дачку і сына. Зараз у 96-гадовай бабулі не толькі праўнукі ёсць, а нават прапраўнукі. Чым яна вельмі ганарыцца.
— Доўга жыву, шмат чаго пабачыла на сваім вяку, — кажа жыхарка Казаноўкі. — Жыву за сябе і за тых, каго згубіла вайна.
Чарговую восень сустрэла бабуля Зіна. І ўсё завіхаецца, няма ёй спакою. На здароўе не любіць скардзіцца. Яна проста любіць жыць і працаваць. Мо і не так рупліва, як раней. Але па-ранешаму плённа.
Шчасце яе здабыта ў працы. Лепш і не скажаш.
Юрый АЛЕКСАНДРОВІЧ.