У Віцебску нядаўна прайшоў конкурс даследчых работ “Наследие Беларуси”.
Творчая група Іванскай дзіцячы сад-сярэдняй школы ў складзе дзесяцікласніц Даяны Януковай, Веранікі Тоўпінец, дзевяцікласніка Арцёма Ганчара пад кіраўніц-твам настаўніка В. В. Грыбко атрымала дыплом другой ступені за работу “Некропалі ў вёсках Іванскага сельсавета”. Трэба заўважыць, дыпломы першай ступені не ўручалі.
З больш як дзевяноста даследчых работ, прадстаўленых раёнамі на вобласць, былі вызначаны дваццаць пяць для ўдзелу і абароны ў двух раздзелах: “Матэрыяльная спадчына”, “Нематэрыяльная спадчына”. Лепшыя (а іх выдзелілі чатыры) – адзначаны дыпломамі другой і трэцяй ступеняў. Гэтыя работы падрыхтаваны для ўдзелу ў рэспубліканскім этапе конкурсу.
Даследаванняў могілак альбо месцаў пахавання на тэрыторыі сучаснай Беларусі амаль не праводзілася, літаратурных крыніц альбо даведнікаў па гэтай тэме таксама дэфіцыт. Таму даследніцкая дзейнасць і яе вынікі – самастойная работа вучняў і іх кіраўніка, з якім яны аб’ехалі ўсе вёскі сельсавета.
Але найбольш цікавымі для навуковага даследавання сталі помнікі і могілкі ў Іванску, Дзямідавічах, Прыстоях. “Менавіта тут можна прасачыць храналогію змянення традыцый пахавання і ўвекавечання памяці продкаў. Адметная з’ява – замена камянёў на крыжы – драўляныя, каменныя, цэментавыя, потым металічныя. Цікава было даследаваць надпісы на помніках, знаходзіць месца, адкуль пачыналася пахаванне, як розніліся паміж сабой могілкі заможных сялян і бедных, – расказвае Віктар Вільгельмавіч. – Работа вельмі крапатлівая, займае шмат часу, але яна захапляе, і дзеці з задавальненнем працуюць над тэмай. Плануем працягваць дзейнасць і далей”.
Перамога іванскіх даследчыкаў на абласным узроўні – падзея значная, а ўзнагарода заслужаная. Пажадаем таленавітым вучням і іх кіраўніку творчых поспехаў ў навукова-даследчай дзейнасці і новых перамог!
Наталія ШЫРКО.