22.12.2024
Новости Общество

Выдатны лінгвіст з вёскі Ухлё

  • 30 ноября, 2018
  • 1 min read
Выдатны лінгвіст з вёскі Ухлё

24 лістапада 2003 года пайшла з жыцця Юзэфа Фларыянаўна Мацкевiч. 15 гадоў таму не стала выдатнага вучонага, члена-карэспандэнта АН БССР, доктара фiлалагiчных навук, заслужанага дзеяча навукi Беларусi. Ураджэнка вёскі Ухлё назаўсёды увайшла ў гісторыю мовазнаўства. Пасля сябе пакінула багатую спадчыну.

Фота з інтэрнэт-партала Нацыянальнай академіі навук Беларусі

Нарадзiлася Ю. Ф. Мацкевiч у 1911 годзе. Сям’я жыла бедна. Васьмiгадовай дзяўчынкай Юзэфа засталася без мацi. Старэйшы брат, Казiмiр, якi працаваў тады рабочым на Шклоўскай папяровай фабрыцы, прапанаваў сястры паехаць да яго. У Шклове дзяўчынка скончыла сямiгодку. Затым паступiла ў Магiлёўскi педагагiчны тэхнiкум.
Атрымаўшы дыплом, два гады працавала настаўнiцай пачатковай школы ў в. Гулькi Клiмавiцкага раёна. У 1933-1934 гадах вучылася ў Магiлёве на аднагадовых падрыхтоўчых курсах для паступлення ў ВНУ. У 1934-1938 гадах — на факультэце мовы i лiтаратуры Мiнскага педагагiчнага iнстытута. Пасля заканчэння iнстытута паступiла ў аспiрантуру Iнстытута мовы i лiтаратуры Акадэмii навук БССР. Спецыялiзавалася на гiсторыi беларускай мовы.
У 1945-м Юзэфа Фларыянаўна з радасцю прыняла запрашэнне на працу ў Iнстытут мовы, лiтаратуры i мастацтва АН БССР, якiм кiраваў Кандрат Крапiва. Увайшла ў групу складальнiкаў руска-беларускага слоўнiка. Адначасова падрыхтавала i ў 1946 годзе паспяхова абаранiла кандыдацкую дысертацыю.
3 1950 года з’яўлялася загадчыцай сектара дыялекталогii. Асноўнай задачай у тыя гады было стварэнне “Дыялекталагiчнага атласа беларускай мовы”. Арганiчным працягам з’яўляецца наступная значная калектыўная праца — “Лiнгвiстычная геаграфiя i групоўка беларускiх гаворак” (1968-1969 гады). Ю. Ф. Мацкевiч разам з калегамi па працы падрыхтавала “Хрэстаматыю па беларускай дыялекталогii” (1962 г.), “Нарысы па беларускай дыялекталогii” (1964 г.), “Мiкратапанiмiю Беларусi” (1974 г.).
Грунтоўнай асабiстай працай Ю. Ф. Мацкевiч з’яўляецца яе манаграфiя “Марфалогiя дзяслова ў беларускай мове” (1959 г.), якая заняла адметнае месца ў беларускiм мовазнаўстве. Усяго ж яна апублiкавала звыш 70 навуковых прац.
Ю. Ф. Мацкевіч да 1985 г. узначальвала сектар дыялекталогіі Iнстытута мовазнаўства iмя Якуба Коласа АН БССР. 3 1985 па 1991 г. працавала ў Iнстытуце кансультантам.

Юрый АЛЕКСАНДРОВІЧ.

Поделиться в:

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *