26.12.2024
Новости Общество

Ад музеяў да фестываляў

  • 24 августа, 2018
  • 1 min read
Ад музеяў да фестываляў

У Беларусі сотні населеных пунктаў маюць свае гісторыка-культурныя адметнасці. Помнікі архітэктуры, непаўторныя ландшафты, гістарычныя цэнтры… У вялікіх гарадах на іх ахову выдзяляюцца значныя сродкі. У малых гарадах і вёсках усё больш складана. Часцей за усё толькі невялікая колькасць мясцовых жыхароў ці навукоўцаў займаюцца захаваннем культурнай спадчыны.


Пераасэнсаванне падыходаў да яе аднаўлення, новае жыццё помнікаў архітэктуры ў сучасных абставінах — гэтыя пытанні абмяркоўваюцца і на дзяржаўным узроўні, і грамадскімі аб’яднаннямі. Як прыцягнуць увагу да ўнікальных помнікаў даўніны, да крупінак традыцыйнай культуры, якія яшчэ захаваліся ў вёсках? Як палепшыць працу музейных аб’яднанняў і недзяржаўных ініцыятыў? Знайсці адказы на гэтыя і іншыя пытанні ў ходзе адкрытай дыскусіі спрабавалі госці, якія 14 жніўня наведаліся ў аграгарадок Чарэя.


Арганізатар мерапрыемства — грамадска-культурная кампанія “Будзьма беларусамі”, каардынатарам якой з’яўляецца Міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Згрунтаванне беларусаў свету”. Яна дзейнічае з 2008 года. Яе падтрымліваюць і грамадскія ініцыятывы, і інфармацыйныя агенцтвы, і спартыўныя клубы, навукоўцы — усе актыўныя людзі, аб’яднаныя агульнай мэтай – бачыць сваю краіну квітнеючай і прагрэсіўнай. Кампаніяй ладзяцца розныя мерапрыемствы, якія дэманструюць, што беларуская мова — якасны сродак камунікацыі. З 2016 года аб’яднанне распачало акцыю “Разам да справы”. Яе мэта не толькі асвета, але і матываванне актыўнага грамадства да супольных дзеянняў, да аб’яднання досведу на карысць агульнай справы — палепшыць якасць жыцця пэўнага мястэчка ці горада, а усім разам — нашай краіны.
У рамках вышэйназванай акцыі Чарэя стала адным з пунктаў, куды завіталі неабыякавыя да захавання спадчыны. У мясцовым Доме культуры адбылося ток-шоу “Ад музеяў да фестываляў: новае жыццё помнікаў гісторыі і культуры “.


У якасці вядучага выступіў вядомы не толькі ў Віцебску, але і за межамі краіны краязнаўца, рэгіянальны каардынатар праекта “Будзьма беларусамі”, навуковы супрацоўнік музея “Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва” Уладзімір Булаўскі. Суразмоўцамі мадэратара ток-шоу былі гісторык, антраполаг, кіраўнік беларускага камітэта ICOMOS (Міжнародная Рада па помніках і памятных мясцінах, скіраваная на пад-трымку і рэалізацыю тэорыі, метадалогіі і навуковых тэхналогій у кансервацыі архітэктурнай і археалагічнай спадчыны) Сцяпан Стурэйка, кіраўнік праектаў “Даліна Анёлаў” і “Спадчына Палесся” Аляксандар Баранаў, а таксама суарганізатар фестывалю “SPRAVA” – рэжысёр Кацярына Аверкава.
Адказваючы на пытанні вядучага і гледачоў, удзельнікі мерапрыемства распавялі прысутным пра свой досвед у справе захавання спадчыны. Сцяпан Стурэйка, напрыклад, перакананы, што спіс культурных помнікаў найчасцей выступае бар’ерам для інвеставання ў гэтую самую спадчыну. Чым больш у краіне ахоўных аб’ектаў, тым цяжэй аднаўляць і падтрымліваць. Карацей кажучы, сучасны падыход да захавання гістарычных камяніц не спрыяе таму, каб яны выглядалі і выкарыстоўваліся належным чынам. Новая філасофія дыктуе, што рэстаўрацыя — гэта не абавязкова аднаўленне. Рэальна гэта тое, што мы зробім з помнікам цяпер. Спадчына — не камяні. Галоўнае — жыхары , якія павінны ўбачыць у руінах магчымасць камунікацыі паміж рознымі людзьмі. У якасці прыкладу навукоўца прывёў фестываль “SPRAVA”, які ладзіцца ў Белай Царкве ўжо другі год запар каля храма XVI стагоддзя. Помнік архітэктуры можна аднавіць да цэласнай пабудовы, а можна, як гэта і зрабілі арганізатары фэсту, выкарыстоўваць з сучаснага пункту гледжання. Запрашаць у храм музычныя калектывы, рабіць розныя выставы і г.д. Царкву можна пакінуць менавіта такой, бо і ў сучасным стане яна можа стаць пунктам прыцягнення творчых асоб.
Аляксандар Баранаў лічыць, што нельга разглядаць спадчыну як прадукт для эканамічных па-трэб. У 2017 годзе бізнесмен сам выкупіў будынак былога мужчынскага манастыра цыстэрцыянаў ў Мазыры і зараз марыць аднавіць храм і перадаць яго Каталіцкай Царкве. А побач, у іншых будынках, — арганізаваць буйную культурную пляцоўку. Тут будуць працаваць мастакі, рамеснікі, музыканты. У некаторых памяшканнях ужо і зараз праводзяць канцэрты, выствы і інш. Аўтар праекта “Спадчына Палесся” ўпэўнены, што яго важна аднавіць, каб спыніць адток творчай моладзі ў буйныя гарады, дапамагчы землякам. Для таго, каб людзі маглі пры жаданні наладзіць тут свой бізнес. Каб у горадзе было ўтульнае месца, дзе можна правесці цэлы дзень з сям’ёй. І ўсё гэта бу-дзе рабіцца не дзеля таго, каб праект прыносіў грошы, а дзеля захавання спадчыны.
Суарганізатар фестывалю “SPRAVA” Кацярына Аверкава ўпэўнена, што Белая Царква з’яўляецца месцам творчай сілы не толькі для жыхароў вёскі. Многія людзі хацелі ўкласці ў гэтую прастору свае натхненне і веды. Другі фэст паказаў: жадаючых аднавіць мясцовасць стала болей. Трэба адзначыць, што вялікую дапамогу ў правядзенні фестывалю аказалі мясцовыя ўлады.
— Мы дасягнулі многага. Валанцёрамі за два гады вакол Чарэйскага возера, у самой Чарэі былі пабудаваны розныя драўляныя аб’екты. Таксама мы знайшлі спецыялістаў, якія згадзіліся бясплатна правесці дыягностыку Свята-Троіцкай царквы (дарэчы, яна каштуе дзесяткі тысяч долараў), — расказала падчас сустрэчы Кацярына Аверкава.
Жыхарка сталіцы некалькі год таму пераехала ў Белую Царкву. Гэтую вёску лічыць другім домам. Дзеля таго, каб адрадзіць мясцовасць, гатова шмат працаваць:
— Мы ўпэўнены, што гэты праект дапаможа стварыць у Чарэі і Белай Царкве лакальную супольнасць мясцовых жыхароў і гасцей, гатовых актыўна ўключацца ў актуальныя формы сучаснага мастацтва, культурныя і адукацыйныя праекты, сумесна шукаць і рэалізоўваць бізнес-ідэі. Акрамя таго, мы шчыра спадзяёмся задаволіць ус-плеск цікавасці да ўнутранага турызму. Зараз ва ўсім свеце расце запыт на адпачынак удалечыні ад паўсядзённага гарадскога жыцця. Мы вельмі любім гэты куток і не будзем парушаць яго прыроднай гармоніі, а дапоўнім яе, у тым ліку гукам і архітэктурай.

Варвара ЮРКЕВІЧ.

Поделиться в:

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *