Зайграй, зайграй, хлопча!..
Нават цяжка ўявіць, але на гармоніку Аляксандр Мінчукоў пачаў іграць у 5 — 6 гадоў. Бацька быў знатны гарманіст. На вяселлі яго запрашалі, провады ў войска. Таленавіты вясковец свайму сыну паказаў, так бы мовіць, першыя хады. Далей хлопчык сам на слых спрабаваў асвоіць тую ці іншую мелодыю. Прайшло колькі часу — Аляксандр пачаў вучыцца ў дзіцячай школе мастацтваў. Больш сувязей з музыкай ён не парываў.
Два дзясяткі гадоў працуе ў сферы культуры. З чэрвеня 2015-га Аляксандр узначальвае калектыў Іванскага Дома фальклора. Вядомы ў раёне гарманіст ды баяніст заняўся адміністрацыйнай працай. Не сумна яму на дырэктарскай пасадзе?
— Сапраўды, ёсць меркаванне, што людзям творчым не вельмі падабаецца кімсьці і чымсьці кіраваць, — разважае Аляксандр. — Я ж імкнуся паспяваць усюды. Раз даверылі пасаду дырэктара, трэба працаваць. Тым больш ад цябе самога ў значнай ступені залежыць, якім бу-дзе культурны асяродак у Іванску і навакольных вёсках.
Адначасова гарманіст кіруе народным фальклорным калектывам “Прасніца”. Гэта сапраўдны брэнд Чашніччыны. Самадзейных артыстаў добра ведаюць далёка за межамі раёна. У мінулым годзе, напры-клад, “Прасніца” брала ўдзел у абласным свяце Масленіцы, якое праходзіла ў Гарадку. Дамоў вярнуліся з трыма Дыпломамі. Заўсёды іванскія артысты выступаюць на розных раённых святах. У асноўным распрацоўваюць вялікі культурны пласт пад назваю фальклор. Аднак у апошні час і эстрадныя песні выконваюць. Арганізуюць канцэрты для вяскоўцаў, на фермах, сельскагаспадарчых палетках яны частыя госці.
Аляксандр Мінчукоў па прызванні — баяніст і гарманіст. Любую мелодыю іграе. Трэба — на слых падбярэ. Вельмі падабаецца дырэктару Іванскага Дома фальклора справа, якой ён займаецца. Дваццаць гадоў на культурным фронце. І спыняцца не збіраецца. Ёсць шмат задумак, ёсць жаданне працаваць з душою. Аляксандр упэўнены, што нельга жыць аднымі толькі паўсядзённымі клопатамі. Не толькі будні павінны быць, але і святы. Культработнікі заўсёды гатовы дапамагчы стварыць тую самую непаўторную атмасферу. У гэтым і ёсць сутнасць іх прафесіі.
Так і хочацца сказаць: “Зайграй, зайграй, хлопча!..” . Дары людзям свята. Хай музыка гучыць, бо яна жыць дапамагае.
Юрый АЛЕКСАНДРОВІЧ.