Слаўнае мінулае і сучаснае
Масавыя мерапрыемствы наладжаны ў Новалукомльскай дзіцячай бібліятэцы. Праходзяць яны ў рамках грамадска-культурнай акцыі “Беларусь у маім сэрцы”. У чытальнай зале арганізавана выстава-вернісаж карцін С. М. Мяфодзьева “Мая малая Радзіма”. Шмат цікавага юныя чытачы даведаюцца на Гадзіне краязнаўства “Тут Радзімы маёй пачатак”. Ім будзе прапанавана адправіцца ў падарожжа па маршруце Новалукомль —Чарэя. Абавязковымі прыпынкамі стануць такія населеныя пункты, як Лаўкі і Стражавічы. Больш за ўсё хлопчыкам і дзяўчынкам раскажуць пра Чарэю. Гэта мястэчка мае вельмі цікавую гісторыю, шмат падзей адбылося на працягу многіх гадоў яго існавання. Падчас падарожжа дзеці даведаюцца пра знакамітых дзеячаў, якія нарадзіліся і выраслі ў гэтым населеным пункце. Завершыцца краязнаўчае падарожжа паказам фільма “Чарэя”, які быў зняты студыяй Палаца культуры энергетыкаў.
На прыканцы мерапрыемства для хлопчыкаў і дзяўчынак прачытаюць вершы мясцовых паэтаў са зборніка ” Вслед за мечтой” паэтычнага аб’яднання “Млын”.
Удзельнікі яшчэ раз упэўняцца ў тым, што таленавітыя людзі жылі раней, але зараз таксама ёсць не менш таленавітыя.
Наталля ГРЫГАРЭНКА.