Гасцям у нас спадабалася
Чашніччына багата на перадавы вопыт, таму часта становіцца месцам правядзення розных мерапрыемстваў як абласнога, так і рэспубліканскага ўзроўняў. Так, нядаўна наш раён сустракаў гасцей з усёй Віцебшчыны: спецыялісты аддзелаў адукацыі вобласці, якія курыруюць пытанні выкладання беларускай мовы і літаратуры, прыехалі да нас, каб прыняць удзел у пасяджэнні абласнога метадычнага савета “Эфектыўная арганізацыя адукацыйнага працэсу ў сістэме” Урок-факультатыўныя заняткі”.
Сардэчна віталі гасцей у гімназіі №1 райцэнтра, дзе і пачалася работа двухдзённага пасяджэння. З вялікай цікавасцю слухалі ўдзельнікі мерапрыемства намесніка старшыні райвыканкама З. І. Федарцову, якая ў сваім выступленні падкрэсліла, што забеспячэнне якаснага адукацыйнага працэсу — гэта адзін з прыярытэтных накірункаў работы органаў мясцовай улады. Так, завершана ўзвядзенне прыбудовы да СШ №1 г. Новалукомля, дзякуючы чаму ў вучняў з’явілася новая сучасная спартыўная зала, штогод умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў адукацыі, вялікая ўвага ўдзяляецца падрыхтоўцы школ да новага вучэбнага года. У раёне створана сістэма выяўлення і падтрымкі таленавітай моладзі, якую навучаюць не менш таленавітыя педагогі. Вынікамі іх працы з’яўляюцца перамогі на творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах, прадметных алімпіядах розных узроўняў.
У тым, што на Чашніччыне працуюць настаўнікі — сапраўдныя майстры свёй справы, удзельнікі мерапрыемства пад час пасяджэння абласнога метадычнага савета маглі пераканацца не раз. І тады, калі слухалі выступленне навучэнцаў гімназіі, якія з асаблівымі пачуццямі расказвалі пра родную ўстанову і яе педагогаў. І тады, калі наведвалі ўрокі, майстар-клас, падрыхтаваныя работнікамі гімназіі. І яшчэ многа разоў, калі іх віталі ў СШ №1 Новалукомля, Красналуцкай, Вядрэнскай, Іванскай школах, арганізавалі прэзентацыю вучэбна-даследчых прац вучняў, выставу метадычных распрацовак “Формы і прыёмы работы па рэалізацыі прынцыпаў пераемнасці ў сістэме “Урок-факультатыўныя заняткі” і шмат іншага.
І, несумненна, мерапрыемства стала для яго ўдзельнікаў не толькі цікавым, але і вельмі карысным.
Галіна ЖУКАВА.