Шлях да хлеба
Другая палова мінулага тыдня ў жыцці нашай краіны была пазначана надзвычай важнымі падзеямі, якія тычыліся па сутнасці кожнага з нас. У горадзе Маладзечне Мінскай вобласці прайшоў пятнаццаты рэспубліканскі фестываль-ярмарка працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2011”. Прайшоў ярка, урачыста і святочна, як і належыць у такіх выпадках, а асаблівую значнасць яму надаваў удзел у святочных мерапрыемствах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі.
Маладзечна сустрэла нас у прыгожым убранстве, мноствам рознакаляровых транспарантаў, сцяжкоў і шароў, сярод якіх віднае месца займала эмблема фестывалю, у аснове якой колеры дзяржаўных сімвалаў, каласы і герб Маладзечна. Цэнтральныя вуліцы пераўтварыліся ў сапраўдныя палатачныя гарадкі, дзе бойка гандлявалі сваёй прадукцыяй прадпрыемствы. Незвычайных памераў і форм садавіна і гародніна, адмыслова прыгатаваныя смажаніна і выпечка, рознае начынне, што выраблялася прама на вачах у нас, цудоўныя, з густам аформленыя самых розных напрамкаў тэматычныя экспазіцыі, часам камічнага характару, прапаноўваючыя адпачыць, падсілкавацца і пацешыцца работамі майстроў падвор`і — усе гэта прыемна ўражвала, здзіўляла, стварала непаўторную атмасферу вялікага свята. А яшчэ — аб`ядноўвала ўсіх нас, рабіла дабрэйшымі, напаўняла радасцю і гордасцю за нас, беларусаў.
Маладзечанцы і госці горада дружна і сардэчна віталі ўрачыстае шэсце пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур, нарыхтоўцы травяных кармоў у 2011 годзе на цэнтральнай вуліцы Маладзечна. Прыемна было, што ў складзе дэлегацыі Віцебскай вобласці і прадстаўнікі Чашніччыны — старшыня райвыканкама У. У. Булай, начальнік райсельгасхарчу Э. А. Гуляеў, механізатар КУСГП “Чашніцкае” У. А. Гурко.
Але галоўнай падзеяй першага дня “Дажынак-2011”, безумоўна, стала ўрачыстая цырымонія ўшанавання лепшых працаўнікоў вёскі нашай краіны. Удзельнікаў фестывалю цёпла вітаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка.
Нам, прадстаўнікам Чашніччыны, давялося перажыць некалькі асабліва хвалюючых момантаў, калі ў ліку першых як пераможца рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур быў названы Чашніцкі раён, а старшыня райвыканкама У. У. Булай і начальнік райсельгасхарчу Э. А. Гуляеў пад авацыі прысутных прымалі з рук Прэзідэнта краіны ўзнагароду. Перапаўняла пачуцце гордасці за сваю малую радзіму, за дарагі куточак зямлі, яго таленавітых і працавітых людзей…
Нямала прыемнага падараваў нам і другі дзень “Дажынак-2011”. І асабліва тады, калі на сцэну для ўзнагароджвання сярод іншых падняўся і наш зямляк — камбайнер КУСГП “Чашніцкае” У. А. Гурко, які ў рэспубліканскім спаборніцтве на нарыхтоўцы кармоў заняў трэцяе месца. Узнагароду Уладзіміру Аляксеевічу ўручаў віцэ-прэм`ер Рэспублікі Беларусь В. М. Іваноў.
Міхаіл ДЗЕРАВЯГА.