27.12.2024
Общество

Багацце зямлі нашай…

  • 15 сентября, 2011
  • 1 min read
Багацце зямлі нашай…

Жыхары Пачаевіч надоўга запомняць свята аграгарадка. Асабліва віншаванні ад першакласнікаў  У надзвычай добразычлівай атмасферы прайшло свята аграгарадка Пачаевічы. Вяскоўцы ў прызначаны час сабраліся на імправізаванай канцэртнай пляцоўцы каля мясцовага клуба. Тут жа Чашніцкая міжрайбаза арганізавала   гандаль, аддзел культуры райвыканкама — дзіцячыя атракцыёны. Працавала міні-кафэ.  Словам, яшчэ да пачатку свята жыхары аграгарадка маглі пачаставацца прысмакамі, цікава і карысна правесці час.
 А як не ўзгадаць пра выстаўкі садавіны і агародніны, карцін, работ народных майстроў?! Убачанае нікога не пакінула абыякавым. Шмат таленавітых людзей жыве на зямлі пачаевіцкай. Варта ўзгадаць некаторых з іх. Гэта загадчыца мясцовага клуба Зоя Азява, майстар вышыўкі Святлана Ганчарэнка, мастак і рэзчык па дрэве Аляксандр Піліпінец, мастак Пётр Даніленка… Дзякуючы ім жыве культура ў вёсцы, ёсць што паказаць гасцям.
 Дарэчы, апошніх на свяце аграгарадка было шмат. Вяскоўцаў прыехалі павіншаваць старшыня раённага Савета дэпутатаў Рыгор Аляксандравіч Пазняк (ён зачытаў Прывітальны адрас старшыні райвыканкама Уладзіміра Уладзіміравіча Булая), старшыня Альшанскага сельвыканкама Аляксандр Генадзьевіч Апанасёнак, кіраўнік КУСГП “Чашніцкае” Павел Антонавіч Міцькавец, начальнікі аддзелаў культуры і адукацыі райвыканкама Вольга Мікалаеўна Яскевіч і Валянціна Уладзіміраўна Каваленка.
 Вядома, не абышлося свята без песні. Лілася яна па вёсцы… У прыватнасці, усіх уразіла выступленне вакальнай групы, якая дзейнічае пры сельскім клубе.
 Зрэшты, галоўнае багацце аграгарадка — людзі, што жывуць тут. Добрыя і шчырыя словы можна было пачуць у гэты дзень шмат пра каго з вяскоўцаў. Выходзілі на сцэну за падарункамі людзі шаноўнага веку і моладзь, працаўнікі гаспадаркі і сацыяльнай сферы. Сярод тых, каго ўшанавалі на свяце, — ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Несцеравіч Сапёлка, шматдзетная маці і выдатная працаўніца ў мінулым Марыя Іванаўна Казлоўская, ветэран працы Зінаіда Усцінаўна Хамішчанка, маладая маці Надзея Сіяновіч, мясцовая паэтэса Валянціна Балтоўская  і іншыя. Таксама былі падведзены вынікі конкурсу на лепшую сядзібу. Першае месца атрымалі Васіль і Таццяна Латышавы з Ц. Пачаевіч, другое — Віктар і Ларыса Курсевічы з Пачаевіч, трэцяе — Аляксандр і Аліна Паршыны з Чырвонай Раніцы. На такіх вось гаспадароў і трэба раўняцца ўсім астатнім.
  Цікавыя вершы пра тое, якой яны жадаюць бачыць родную вёску, прачыталі  першакласнікі  Пачаевіцкай школы. А калі дакладней, то першакласніцы. Бо ў гэтым годзе першы раз пераступілі парог навучальнай установы выключна дзяўчынкі. Сярод іх — адразу чатыры Насці.
 Калі скончылася свята і настала пара развітвацца, не хацелі разыходзіцца мясцовыя жыхары. Так ім спадабалася. Шмат удзячных слоў адрасавалі яны арганізатарам. Тыя ж у сваю чаргу запэўнілі вяскоўцаў, што наперадзе іх чакае нямала цікавых мерапрыемстваў. А ў наступным годзе абавязкова адбудзецца новае свята аграгарадка. Рыхатавацца да яго ўжо пачалі.
Юрый АЛЕКСАНДРОВІЧ.

Поделиться в:

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *