Спатканне с Радзімай
Гэтае вяртанне Вольгі Дзёмкінай у Беларусь, на Чашніччыну, не з запланаваных. Але адказаць землякам у іх просьбе, а ініцыятыва зыходзіла ад старшыні райвыканкама У. У. Булая, у мастачкі не хапіла сіл, перамагло жаданне наведаць родныя мясціны…
Маленькая вёска Забаенне Красналуцкага сельсавета. Зямля бацькоў. Пачатак пачаткаў. Вытокі. Менавіта адсюль пачаўся шлях вясковай дзяўчыны ў самастойнае жыццё, да сусветнага прызнання. І зусім не выпадкова, што выставу карцін Вольгі Дзёмкінай у Палацы культуры энергетыкаў у Новалукомлі адкрывалі творы, прысвечаныя маці і бацьку. Цеплынёй і пяшчотай, непрыхаванай любоўю да родных людзей, знаёмых з маленства краявідаў, павагай да звычаяў сваіх продкаў напоўнены многія карціны знакамітай мастачкі. Вось толькі назвы некаторых з іх: “Дажынкі”, “Нараджэнне”, “Гуканне вясны”, “Купалле”, “Гімн лілеям”. Вольга Дзёмкіна — мастак рознабаковы, неардынарнага мыслення.
Яе творчасть нікога не пакідае раўнадушным, кранае да глыбіні душы. Болем пранікнуты твор “Гімн жанчынам Палесся”, адзін з лепшых у творчасці майстра. Жанчыны, пазбаўленыя шчасця мець дзіця… Такія жудасныя вынікі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Што можа быть страшней?..
Цёпла і сардэчна сустракалі знакамітую зямлячку і ў Чашніках, дзе таксама райшла выстава карцін Вольгі Дзёмкінай. “Нам выпала шчасце дакрануцца да Вашай творчасці, ганарыцца тым, што гэты магутны талент бярэ вытокі менавіта на чашніцкай зямлі”, — такія словы ўдзячных чашнічан не адзін раз можна было пачуць у гэты дзень у зале. Віталі мастачку прадстаўнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры, адукацыі райвыканкама, Чашніцкага Дома рамёстваў, грамадскасці. Гучалі песні пра родны край, шчырую любоў да Беларусі. “Сённяшняя сустрэча, можа, крыху спантанная, але ад гэтага не менш прыемная — гэта мой рапарт землякам пра тое, чым я займаюся ў замежжы”, — падкрэсліла, адкрываючы мерапрыемства, мастачка.
У райцэнтры Вольга Дзёмкіна правяла некалькі сустрэч, на кожную з іх прыйшло шмат людзей. І гэта зразумела, бо наведвальнікі выставы змаглі зрабіць цікавае падарожжа ў Швейцарыю, Грэцыю, Тайланд, узняцца на Альпы, каб з іх вышыні паназіраць за навакольнай прыгажосцю.
З захапленнем слухалі прысутныя цікавы расказ мастачкі пра гісторыю напісання кожнай карціны, далёкую Францыю, дзе зараз жыве Вольга Дзёмкіна, дзіцячыя ўспаміны, якія потым знайшлі сваё адлюстраванне ў творчасці майстра. Ахвотна адказвала яна на пытанні, што цікавілі гасцей. Дружнымі апладысментамі суправаджаліся словы, якімі ахарактарызавала Вольга Дзёмкіна сучасны райцэнтр: “Я шмат год не была на радзіме і бачу, як змяніліся ў лепшы бок Чашнікі. Зараз яны нагадваюць еўрапейскі горад. А якія прыгожыя людзі жывуць тут!”.
Незабыўныя ўражанні пакінула мастачка ў душах чашнічан, якія развітваліся з ёй з надзеяй на новыя сустрэчы.
М. ДЗЕРАВЯГА.